22 мая - 100 год з дня нараджэння А.В. Аладавай (1907-1986), мастацтвазнаўца

    Пяцьдзесят гадоў свайго жыцця прысвяціла збору, захаванню, вывучэнню і прапагандзе выяўленчага мастацтва Алена Васілеўна Аладава. Яе імя было добра вядома ў музейных колах былога Савецкага Саюза.

    Нарадзілася А.В. Аладава ў Пружанах у сям'і настаўніка. Пасля заканчэння ў 1928 г. Беларускага дзяржаўнага універсітэта пачала працаваць навуковым супрацоўнікам арганізацыйнай групы па стварэнні Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, а ў 1939 г. стала загадчыцай аддзела беларускага і рускага мастацтва ўжо заснаванай галерэі.

    У час Вялікай Айчыннай вайны Алена Васілеўна апынулася ў Саратаве, дзе працавала намеснікам дырэктара па навуковай частцы і адначасова галоўным захавальнікам Дзяржаўнага мастацкага музея імя А.М. Радзішчава. У 1944 г. Аладава прымала ўдзел у рабоце Камісіі па стратах, нанесеных нямецка-фашысцкімі захопнікамі музеям БССР. Дырэктарская кар'ера А.В. Аладавай пачалася з Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (1944). У тым жа годзе яна ўзначаліла адноўленую Дзяржаўную карцінную галерэю і некаторы час кіравала абодвума музеямі. У 1957 г. на базе карціннай галерэі быў створаны Дзяржаўны мастацкі музей БССР, які А.В. Аладава ўзначальвала да 1977 г., а потым яшчэ некаторы час была яго навуковым кансультантам.

    Алена Васілеўна была апантанай збіральніцай твораў выяўленчага мастацтва. Збіральніцкая дзейнасць стала сэнсам яе жыцця, зрабіла Аладаву вядомай і паважанай у музейным свеце. Ёю, па сутнасці, была адноўлена калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, разрабаваная ў 1941 г., сярод экспанатаў якой - карціны сусветна вядомых майстроў У. Баравікоўскага, К. Брулова, В. Трапініна, І. Айвазоўскага, І. Рэпіна, В. Сурыкава, М. Урубеля, палотны слынных мастакоў-беларусаў - І. Аляшкевіча, А. Гараўскага, І. Хруцкага, С. Жукоўскага… Менавіта ёй абавязаны музей багаццем спадчыны В. Бялыніцкага-Бірулі. Фонд музея, адноўлены намаганнямі мастацтвазнаўца, у 1977 г. налічваў 15 тысяч экспанатаў.

    Музейныя экспазіцыі, выстаўкі, артыкулы, кнігі аб мастаках, складзеныя Аленай Васілеўнай альбомы "Государственный художественный музей БССР" (1958) і "Беларускі савецкі жывапіс" (1978) - такі плён працы і таленту А.В. Аладавай. Добра вядомы сёння мінчанам і гасцям сталіцы будынак Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі - таксама клопат Алены Васілеўны. Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 мая 1998 г. № 801 "Аб ушанаванні памяці былога дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Аладавай Алены Васілеўны" на будынку музея была адкрыта мемарыяльная дошка ў яе гонар.

    Аладава Алена Васілеўна // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 225-226.
    Аладова Елена Васильевна // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 6 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 69.
    Елена Аладова. Музей - ее судьба : воспоминания, документы, исследования / [авт. концепции и сост.: Борис Крепак и др. ; ред.: Б. Крепак]. - Минск : Мастацкая літаратура, 2006. - 319 с., [24] л. цв. репрод. : фот. - (Беларусь мастацкая).
    Азгур, З. Излучение доброты / Заир Азгур // То, что помнится… : рассказ о времени, о людях и об искусстве / Заир Азгур. Минск, 1992. Кн. 4. С. 93-103.
    Карачун, Ю.А. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Алена Васільеўна Аладава : (да 90-годдзя з дня нараджэння) / Ю.А. Карачун // Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Мінск, 1997. Вып. 2. С. 249-251.
    Курков, И. Она создала музей / Илья Курков // Брестчина : легенды, события, люди / Илья Курков. Минск, 2005. С. 165-167.
    Усава, Н. Невядомыя старонкі біяграфіі Алены Васільеўны Аладавай па дакументах з асабістага архіва / Надзея Усава. Личный архив Аладовой Елены Васильевны / Валентина Баслык // Аладаўскія чытанні : матэрыялы канф., прысвеч. вынікам навук.-даслед. працы за 2002 г., Мінск, 2-3 чэрв. 2003 г. Мінск, 2003. Ч. 1. С. 2-7, 8-9.
    Усава, Н. Малавядомыя старонкі з жыцця Алены Аладавай / Надзея Усава //Мастацтва. 2004. № 6. С. 13-15.
    Захарэнка, А. Вы былі ў музеі / А. Захарэнка // Алеся. 1995. № 4. С. 14-15.