14 чэрвеня - 140 год з дня нараджэння М.В. Доўнар-Запольскага (1867-1934), гісторыка, этнографа, фалькларыста, літаратуразнаўца, эканаміста

    Жыццё і творчасць вучонага-славіста еўрапейскага маштабу Мітрафана Віктаравіча Доўнар-Запольскага было цесна звязана з трыма брацкімі народамі - беларускім, украінскім, рускім.

    М.В. Доўнар-Запольскі паходзіў з вядомага яшчэ ў XVI ст. шляхецкага роду Доўнар-Запольскіх. Нарадзіўся ён у г. Рэчыца Мінскай губерні (цяпер Гомельская вобласць).

    На Украіне ён атрымаў адукацыю, пачаў займацца навуковай дзейнасцю. У 1894 г. скончыў Кіеўскі універсітэт. У 1902 г. стаў прафесарам і загадчыкам кафедры гэтага універсітэта, заснаваў і быў нязменным дырэктарам (з 1907 па 1917 г.) Кіеўскага камерцыйнага інстытута. На Украіне Доўнар-Запольскі засведчыў сябе як эканаміст-практык: уваходзіў у кіраўніцтва некалькіх кіеўскіх банкаў, узначальваў Паўднёва-расійскую гандлёвую палату, а ў 1918 г. стварыў па яе ўзору ў Кіеве Беларускую гандлёвую палату.

    У Маскве, прызнанай навуковай сталіцы спачатку Расійскай імперыі, а потым СССР, М.В. Доўнар-Запольскі быў прыват-дацэнтам Маскоўскага універсітэта (з 1891 па 1901 г.), працаваў на кафедры В. Ключэўскага; быў заснавальнікам (1896 г.) і сакратаром археаграфічнай камісіі пры Маскоўскім універсітэце. Жыў у Харкаве і Баку - займаўся педагагічнай дзейнасцю і навуковай працай, служыў у розных дзяржаўных установах.

    Першае запрашэнне пераехаць у Мінск М.В. Доўнар-Запольскі атрымаў у 1921 г., але стан здароўя не дазволіў вучонаму прыняць яго. Толькі ў 1925 г. Доўнар-Запольскі пачаў працаваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце ў якасці прафесара кафедры гісторыі Беларусі педагагічнага факультэта і кафедры народнай гаспадаркі Расіі факультэта права і народнай гаспадаркі, быў правадзейным членам Інбелкульта, узначальваў гісторыка-археаграфічную камісію, некаторы час працаваў у Дзяржплане БССР. Адносіны з калегамі і ўладамі ў Мінску ў Доўнар-Запольскага склаліся няпроста і ў 1926 г. ён пакінуў Беларусь. Апошні перыяд свайго жыцця вучоны правёў у Маскве, дзе працягваў займацца навуковай дзейнасцю: быў прафесарам Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі і Інстытута народнай гаспадаркі імя Г.В. Пляханава, старшынёй гісторыка-эканамічнай секцыі Навуковай асацыяцыі ўсходазнаўства пры ЦВК СССР.

    М.В. Доўнар-Запольскі - аўтар шматлікіх грунтоўных, каштоўных сваім фактычным матэрыялам прац па сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі і Расіі, вывучаў грамадскую думку Расіі, гісторыю дзекабрысцкага руху. Яго магістэрская дысертацыя выйшла асобным выданнем пад назвай "Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягелонах" (1901). Аўтару была прысуджана прэмія П. Бацюшкава. Галоўным творам М.В. Доўнар-Запольскага-гісторыка стала праца "Гісторыя Беларусі", у якой вучоны ахоплівае перыяд ад першабытнасці да станаўлення савецкага ладу. Падрыхтаваная да друку ў 1928 г. яна была забаронена і толькі ў 1994 г. выдадзена ўпершыню ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя".

    Важкі ўклад зрабіў вучоны ў беларускую этнаграфічна-фалькларыстычную навуку. Збіраць і запісваць народныя песні, казкі, прымаўкі Доўнар-Запольскі пачаў яшчэ ў юнацтве. Частка сабраных ім матэрыялаў склала зборнік "Песни пинчуков" (вып. 1, 1896). Да гэтага выдання Доўнар-Запольскі напісаў прадмову і ўводзіны, зрабіў каштоўныя каментарыі. Сямейны быт беларускіх сялян, асабліва вясельныя абрады, знайшлі адлюстраванне ў шматлікіх этнаграфічных працах вучонага. Ён распрацоўваў праграмы этнаграфічнага вывучэння Беларусі. У 1888 г. выдаў працу "Белорусская свадьба и свадебные песни", у 1889-1990 гг. пад яго рэдакцыяй выйшлі два выпускі "Календаря Северо-Западного края". Лепшыя даследаванні вучонага па этнаграфіі, сацыялогіі, сямейнаму побыту, звычаёваму праву, статыстыцы, беларускаму пісьменству склалі яго кнігу "Исследования и статьи" (1909). Сабраны М.В. Доўнар-Запольскім том беларускіх народных казак застаўся ў рукапісе (захоўваецца ў архіве Рускага геаграфічнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу).

    Сваімі працамі і публікацыямі пра Баркулабаўскі летапіс, В. Цяпінскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, пра ананімныя творы XIX ст. М.В. Доўнар-Запольскі разам з іншымі даследчыкамі паклаў пачатак беларускаму літаратуразнаўству.

    Сёння сведчаннем прызнання навуковых заслуг вучонага з'яўляюцца Міжнародныя Доўнарскія чытанні, якія праводзяцца на яго радзіме ў г. Рэчыца. Выдатнаму дзеячу навукі ў яго родным горадзе ўстаноўлены помнік.

    Довнар-Запольский, М.В. История Белоруссии / М.В. Довнар-Запольский ; [редкол. В.М. Лебедева (отв. ред.) и др.]. - 2-е изд. - Минск : Беларусь, 2005. - 679 с.
    Перапіска М.В. Доўнар-Запольскага з дзеячамі навукі Украіны (1893-1908 гг.) / УА "Гомел. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны" [і інш. ; уклад.: В.М. Лебедзева (кіраўн.) і інш. ; рэдкал.: А.В. Баранаў і інш.]. - Гомель : [ГДУ імя Ф. Скарыны], 2005. - 169 с.
    М.В. Довнар-Запольский - Е.А. Ляцкому / публ., предисл. и примеч. С. Михальченко // Архівы і справаводства. 1999. № 4. С. 37-46.
    Из эпистолярного наследия М.В. Довнар-Запольского.

А б  ж ы ц ц і  і  д з е й н а с ц і  в у ч о н а г а

    Доўнар-Запольскі Мітрафан Віктаравіч // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 189.
    Доўнар-Запольскі Мітрафан Віктаравіч // Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 272-273.
    Доўнар-Запольскі Мітрафан Віктаравіч // Беларускі фальклор : энцыклапедыя. Мінск, 2005. Т. 1. С. 433-434.
    Доўнар-Запольскі Мітрафан Віктаравіч // Этнаграфія Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1989. С. 177.
    Доўнар-Запольскі Мітрафан // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўн. : у 6 т. / [пад рэд. А.В. Мальдзіса]. Мінск, 1993. Т. 2. С. 366-370.
    Доўнар-Запольскі Мітрафан Віктаравіч // Асветнікі зямлі Беларускай, X - пачатак XX ст. : энцыкл. давед. 2-е выд. Мінск, 2006. С. 147-148.
    Чацвёртыя Міжнародныя Доўнарскія чытанні, Рэчыца, 18-19 верас. 2003 г. У 2 ч. Ч. 1. М.В. Доўнар-Запольскі: жыццё і навуковая спадчына / НДІ гісторыі і культуры ўсходнеславян. народаў пры Гомел. дзярж. ун-це імя Ф. Скарыны, Рэчыц. раён. выканаўчы кам. ; [рэдкал.: В.М. Лебедзева (адказ. рэд.) і інш.]. - Гомель : [ГДУ імя Ф. Скарыны], 2004. - 226 с.
    Пятыя Міжнародныя Доўнарскія чытанні, Рэчыца, 22-23 верас. 2005 г. / Рэчыц. раён. выканаўчы кам. [і інш. ; рэдкал.: В.М. Лебедзева (адказ. рэд.) і інш.]. - Гомель : [ГДУ імя Ф. Скарыны], 2005. - 399 с.
    Гл. раздзел "Жыццё і навуковая спадчына М.В. Доўнар-Запольскага".
    Новыя дакументы пра М.В. Доўнар-Запольскага / публ. В.Д. Селяменева // Беларускі археаграфічны штогоднік / Дзярж. кам. па архівах і справаводству Рэсп. Беларусь [і інш. ; рэдкал.: У.І. Адамушка і інш.]. Мінск, 2000. Вып. 1. С. 229-230.
    Даследчык гісторыі трох народаў: М.В. Доўнар-Запольскі : (зб. навук. арт. і дак.) / Гомел. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны [і інш. ; адказ. рэд. Лебедзева В.М.]. - Гомель ; Рэчыца : [ГДУ імя Ф. Скарыны], 2000. - 293 с.
    Ліс, А. Мітрафан Доўнар-Запольскі - гісторык, этнограф, эканаміст, літаратуразнаўца / Арсень Ліс // Роднае слова. 2004. № 2. С. 9-11.
    Лін, Дз. Шлях да Доўнара / Дзмітрый Лін, Валянціна Лебедзева // Крыніца. Славянскі свет. 2003. № 5. С. 73-78.
    Кушнер, В. Стваральнік канцэпцыі беларускай нацыянальнай гісторыі / Васіль Кушнер // Беларускі гістарычны часопіс. 2004. № 9. С. 53-59 ; № 10. С. 53-60.
    Козлов, Д.Г. Проблемы внешнеэкономической политики во взглядах М.В. Довнар-Запольского / Д.Г. Козлов // Известия Гомельского государственного университета им. Ф. Скорины. 2002. № 2. С. 136-141.
    Марціновіч, А.А. Ва ўсім застаўся праведнікам : Мітрафан Доўнар-Запольскі / Алесь Марціновіч // Хто мы, адкуль мы… : гіст. эсэ, нарысы : у 2 кн. / Алесь Марціновіч. Мінск, 1998. Кн. 2. С. 158-168.
    Іофе, Э.Р. Таленавіты педагог, лектар і выхавацель / Э.Р. Іофе // Адукацыя і выхаванне. 1997. № 6. С. 112-118.
    Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі : біябібліягр. паказ. / Гомел. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны [і інш. ; уклад.: В.У. Скалабан (кіраўн.) і інш.]. - Мінск : [Нацыянальная бібліятэка Беларусі], 2001. - 120 с.