16 верасня - 70 год з дня нараджэння (1937) А.В. Мядзведзя, спартсмена і трэнера (вольная барацьба)

    Своеасаблівай эпохай у спорце стаў славуты беларускі спартсмен і трэнер, трохразовы чэмпіён Алімпійскіх гульняў, сяміразовы чэмпіён свету, трохразовы - Еўропы, дзевяціразовы - Савецкага Саюза па вольнай барацьбе Аляксандр Васілевіч Мядзведзь.

    Нарадзіўся і вырас ён на Украіне, у г. Белая Царква. Службу ў арміі праходзіў у Беларусі, з якой і звязаў назаўсёды свой далейшы лёс. У 1961 г. скончыў школу трэнераў пры Беларускім дзяржаўным інстытуце фізічнай культуры, а ў 1965 г. - гэты інстытут.

    Яшчэ ў арміі А. Мядзведзь удзельнічаў у армейскіх спартыўных спаборніцтвах. Ужо ў дваццаць год на чэмпіянаце Беларускай ваеннай акругі стаў пераможцам спаборніцтваў па самба і вольнай барацьбе і заняў 3-е месца па класічнай. Яго настаўнікамі былі трэнеры П. Грыгор'еў і Б. Рыбалка, разам з якімі ён прайшоў праз гарніла самых прэстыжных барцоўскіх турніраў.

    Бліскучая спартыўная кар'ера А. Мядзведзя пачалася ў 1959 г. з II Спартакіяды народаў СССР - спаборніцтваў вельмі прадстаўнічых і аўтарытэтных, на якіх беларускі армеец заваяваў бронзавы медаль. Праз два гады на чэмпіянаце Савецкага Саюза ў Мінску спартсмен атрымаў свой першы залаты медаль. У 1961 г. ён стаў бронзавым прызёрам, а ў 1962 і 1963 гг. - чэмпіёнам свету па вольнай барацьбе ў паўцяжкай вагавай катэгорыі. Зорны час прабіў для А. Мядзведзя ў кастрычніку 1964 г. на XVIII Алімпійскіх гульнях у Токіо, дзе ён у фінале перамог свайго саперніка балгарына С. Мустафава. Другое алімпійскае золата прынесла спартсмену XIX Алімпіяда ў Мехіка (1968), дзе ён выйграў у алімпійскага чэмпіёна XVII Алімпіяды ў Рыме немца В. Дзітрыха.

    Яшчэ раз на Алімпійскі п'едэстал спартсмен узышоў у Мюнхене ва ўзросце 35 год (XX Алімпійскія гульні 1972 г.). У паўфінале гэтага чэмпіянату, на якім А. Мядзведзь выступаў ужо ў цяжкай вагавай катэгорыі, ён перамог надзею і гонар Амерыкі Крыса Тэйлара, які быў амаль у два разы цяжэйшы за яго, а ў фінальнай схватцы, нягледзячы на траўму, - балгарына А. Дураліева. Гэта быў трэці і апошні алімпійскі трыумф нашага славутага волата. Развітваючыся на гэтым турніры, А. Мядзведзь стаў на калені і пацалаваў паліты потам дыван, які пакінуў непераможаным.

    На вастрыні спартыўнага жыцця застаўся А. Мядзведзь і пасля таго, як перастаў выступаць. З 1972 па 1992 г. ён вёў вялікую работу ў якасці трэнера зборнай СССР і БССР. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле беларускія барцы вольнага стылю дабіліся высокіх спартыўных вынікаў. З 1976 г. А. Мядзведзь - загадчык міжвузаўскай кафедры спартыўнага ўдасканалення Мінскага радыётэхнічнага інстытута (зараз Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі), мае званне прафесара. А. Мядзведзь - віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь, член Еўрапейскага камітэта СЕЛА Міжнароднай федэрацыі барацьбы, прэзідэнт Беларускай федэрацыі барацьбы, акадэмік Расійскай народнай акадэміі навук. Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь 1998. Заслужаны майстар спорту, заслужаны трэнер СССР і Беларусі, заслужаны дзеяч фізічнай культуры Беларусі. Ганаровы грамадзянін гарадоў Мінск і Махачкала. Кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знак Пашаны" (два), сярэбранага ордэна Міжнароднага алімпійскага камітэта і прыза "За высокароднасць у спорце" (ЮНЕСКА), кавалер ордэна ФІЛА "Лепшы спартсмен планеты XX стагоддзя па вольнай барацьбе", залатога ордэна і залатой галіны ФІЛА. Пачынаючы з 1970 г. у гонар славутага барца-вольніка ў Мінску праводзіцца міжнародны турнір па вольнай барацьбе на прызы А. Мядзведзя. Гэтаму турніру прысвоена вышэйшая катэгорыя "Гран-пры". Паралельна з дарослымі праводзяцца і падлеткавыя спаборніцтвы, якія называюцца "Медзведзяня".

    Мядзведзь Аляксандр Васілевіч // Беларус. энцыкл. : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 66.
    Медведь Александр Васильевич // Спортивная энциклопедия Беларуси. Минск, 2005. С. 273-274.
    Медведь Александр Васильевич // Кто есть кто в Республике Беларусь. Спорт : энциклопедия. Минск, 1999. С. 147.
    Медведь Александр Васильевич // Кто есть кто в Республике Беларусь / Белорус. науч.-исслед. ин-т документоведения и архив. дела. Минск, 1999. С. 186.
    Ширко, В. Медведь : Медведь Александр Васильевич / Василий Ширко // Моя столица / [авт. проекта: Л.С. Екель ; редсовет.: Л.С. Екель (пред.) и др.]. Минск, 2004. С. 285-302.
    Медведь Александр Васильевич // Олимпийская страна Беларусь / [П.П. Рябухин и др. ; редкол.: Г.П. Алексеенко и др.]. Минск, 2004. С. 98-104.
    Вялікі і непераможны // Мы - беларусы / [уклад.: Т.М. Бондар, П.П. Рабухін ; аўт. тэксту І.І. Кахновіч і інш.]. Мінск, 2005. Кн. 2. С. 112.
    Осипенко, А. Взошедший на Олимп / Александр Осипенко // Беларуская думка = Белорусская мысль. 2002. № 8. С. 78-86.
    Мяснікоў, А. Мядзведзь - ён заўсёды Мядзведзь / Анатоль Мяснікоў // Дзеля гэтага варта жыць : публіцыстыка : дыялогі, эсэ / Анатоль Мяснікоў. Мінск, 2000. С. 69-74.
    Александр Васильевич Медведь. (Легенда спорта) / подгот. С. А. Астапчик // Инженер-механик. 2005. № 2. С. 39-40.
    Виноградов, С. Вершины Александра Медведя : эссе / Сергей Виноградов // Олимп. 1998. № 1. С. 40-43.
    Макаранка, С. Той барэц - хто баец / Сяргей Макаранка // Беларусь. 1996. № 10. С. 36-37.
    XXVIII международный турнир по вольной борьбе на призы А. Медведя = XXVIII international free style wresting tourmament bor A. Medved prize, Минск, 1997. - Минск : [б. и.], 1997. - [12] с., [5] л. ил.

Гл. таксама: http://www.medved.by