27 мая - 75 год з дня нараджэння (1932) А.В. Сабалеўскага, тэатразнаўца, педагога

    Больш за пяцьдзесят гадоў знаходзіцца ў самым цэнтры тэатральнага мастацтва Беларусі вядомы мастацтвазнаўца, таленавіты тэатральны крытык і педагог Анатоль Вікенцьевіч Сабалеўскі.

    Нарадзіўся ён у вёсцы Андрыеўшчына Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1958 г. пасля заканчэння аддзялення журналістыкі БДУ пачаў працаваць у Інстытуце мастацтва, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. У гэтым жа годзе А.В. Сабалеўскі паступіў у аспірантуру пры Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва імя А.В. Луначарскага ў Маскве, пасля заканчэння якой вярнуўся ў Мінск, дзе спалучыў навукова-даследчую дзейнасць з педагагічнай. З 1961 г. А. Сабалеўскі пачаў выкладаць у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце гісторыю тэатра, вёў заняткі па тэатральнай крытыцы, узначальваў кафедру гісторыі і тэорыі мастацтва, мовы і літаратуры, а з 1984 па 1989 г. быў рэктарам гэтага інстытута. З 1993 па 2000 г. Анатоль Вікенцьевіч загадваў кафедрай тэатральнай творчасці Беларускага інстытута культуры. У сценах гэтых навучальных устаноў Сабалеўскім-педагогам было шмат зроблена для падрыхтоўкі тэатразнаўцаў і крытыкаў, прычым не толькі для Беларусі, але і Узбекістана, Літвы, Польшчы, Кеніі, Сірыі, Іарданіі. У розныя гады А.В. Сабалеўскі з'яўляўся таксама навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (у 1990-1993 гг. загадваў аддзелам міжнародных культурных працэсаў). Абараніў доктарскую дысертацыю, атрымаў званне прафесара. А.В. Сабалеўскі быў адным з ініцыятараў заснавання і галоўным рэдактарам часопіса "Тэатральная Беларусь" ("Тэатральная творчасць") з 1992 па 1998 г., які ўнёс значны ўклад у папулярызацыю і развіццё беларускай драматургіі.

    У сваёй тэатразнаўчай і тэатральна-крытычнай дзейнасці А. Сабалеўскі даследуе пытанні гісторыі і сучаснасці беларускага тэатра, праблемы нацыянальнага ў сцэнічным мастацтве, узаемасувязі тэатральных культур, творчасць акцёраў, рэжысёраў і драматургаў. Шырокае ўяўленне пра стан беларускай драматургіі, творчасць беларускіх мастакоў слова, якія працавалі для тэатра, рэжысёрскае і акцёрскае майстэрства даюць напісаныя ім у розныя гады кнігі: "Рампай асветленае" (1962), "Ад п'есы - да спектакля" (1965), "Беларуская савецкая драма" (т. 1-2, 1969-1972), "Театр открывает занавес" (1970), "Белорусская драматургия в театрах народов СССР" (1972), "Жыццё тэатра" (1980), "Сучаснасць і гісторыя" (1985), "Асоба мастака" (1992). Яго манаграфіі пра Б. Платонава, Г. Глебава, К. Крапіву вытрымалі некалькі перавыданняў. Пад агульнай рэдакцыяй А. Сабалеўскага апублікавана двухтомная энцыклапедыя "Тэатральная Беларусь" (2002-2003), актыўным аўтарам якой ён адначасова з'яўляўся. А.В. Сабалеўскі - адзін з аўтараў і рэдактараў трохтомнай у чатырох кнігах "Гісторыі беларускага тэатра" (1983-1987), аўтар раздзела "Белорусский театр" у маскоўскім выданні "Советское актерское искусство, 50-70-е годы" (1982). Вынікам шматгадовай збіральніцкай дзейнасці стала унікальнае выданне "Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі" (т. 1-2, 1975; 2-е выданне ў 3-х т., 1997-2000), якое выдатна адлюстроўвае багатую гісторыю беларускага тэатра, аднаўляе яе невядомыя старонкі, вяртае з нябыту забытыя імёны і творы, знаёміць з лепшымі майстрамі нацыянальнай сцэны. Выданне адзначана прэміяй імя К. Крапівы. А.В. Сабалеўскі - ганаровы доктар навук Ташкенцкага інстытута мастацтаў імя М. Уйгура (1998), акадэмік Міжнароднай акадэміі навук аб прыродзе і грамадстве (Маскоўскае аддзяленне, 1998). За выдатны ўклад у развіццё мастацтвазнаўчай навукі, выхаванне спецыялістаў мастацкай культуры высокай кваліфікацыі і ўдзел у прапагандзе ідэй міру, дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі А.В. Сабалеўскаму прысвоена званне лаўрэата Міжнароднай прэміі UNITY ("Адзінства", залаты медаль, 1994).

В ы д а н н і  А. С а б а л е ў с к а г а  а п о ш н і х  г а д о ў

    Глеб Глебаў : жыццё і творчасць / Анатоль Сабалеўскі. - 2-е выд., удакладн. - Мінск : Беларуская навука, 2005. - 197 с., [16] л. фат.
    Барыс Платонаў : асоба і ролі / Анатоль Сабалеўскі. - 3-е выд., дапрац. і дап. - Мінск : Беларуская навука, 2004. - 197 с., [16] л. фат.
    Кандрат Крапіва : постаць і творы : для сярэд. і ст. шк. узросту / Анатоль Сабалеўскі. - 2-е выд., дапрац. і дап. - Мінск : Народная асвета, 2003. - 304 с., [3] л. фат. : іл.
    Асоба мастака : літ.-крыт. арт. / Анатоль Сабалеўскі. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. - 278 с.

А б  ж ы ц ц і  і  т в о р ч а с ц і  м а с т а ц т в а з н а ў ц а

    Сабалеўскі Анатоль Вікенцьевіч // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 45-46.
    Сабалеўскі Анатоль Вікенцьевіч // Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 431.
    Сабалеўскі Анатоль Вікенцьевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / пад агул. рэд. А.В. Сабалеўскага. Мінск, 2003. Т. 2. С. 323.
    Сабалеўскі Анатоль // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўн. : у 6 т. / пад рэд. А.В. Мальдзіса. Мінск, 1995. Т. 5. С. 204-207.
    Анатоль Сабалеўскі // Беларускія пісьменнікі (1917-1990) : даведнік / [склад. А.К. Гардзіцкі]. Мінск, 1994. С. 474-475.
    Макарцоў, М. Талент летапісца і настаўніка / Мікола Макарцоў // ЛіМ. 2005. 19 жн. (№ 33). С. 11.
    Клімовіч, Л. Тэатразнаўца, крытык, педагог / Людміла Клімовіч // Мастацтва. 2002. № 7/8. С. 15-16.
    Гаробчанка, Т. Сын сваёй зямлі / Тамара Гаробчанка // Альманах : запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў. 1999. № 2. С. 181-185.
    Клімовіч, Л. Пра Платонава і не толькі / Людміла Клімовіч // Культура. 2005. 25 чэрв. - 1 ліп. (№ 26). С. 9.
    Пра кнігі А. Сабалеўскага "Барыс Платонаў : асоба і ролі" і "Кандрат Крапіва : постаць і творы".
    Марціновіч, А. Вяртаньне ў... будучыню / Алесь Марціновіч // Мастацтва. 1994. № 12. С. 73-74.
    Пра кнігу А. Сабалеўскага "Глеб Глебаў : жыццё і творчасць".