14 мая - 100 год з дня нараджэння І.І. Жыновіча (1907-1974), цымбаліста, дырыжора, кампазітара, педагога

    Неад'емнай і арганічнай часткай беларускай прафесійнай музычнай культуры з'яўляецца папулярны ў народзе інструмент - цымбалы. І галоўная заслуга ў гэтым належыць першаму цымбалісту-прафесіяналу, стваральніку унікальнага па гучанню аркестра, які зараз носіць яго імя, - Іосіфу Іосіфавічу Жыновічу (Жыдовічу).

    Вялікі і слаўны шлях ад вясковага музыкі да агульнапрызнанага майстра народна-інструментальнага мастацтва прайшоў І.І. Жыновіч. Нарадзіўся ён у вёсцы Арэшкавічы на Пухаўшчыне ў сялянскай сям'і. Дзед і бацька хлопчыка добра ігралі на цымбалах, бацька нават сам рабіў іх, і І. Жыновіч рана спасцігнуў сакрэты інструмента. Нот ён не ведаў, іграў на слых, але, калі ў пятнаццацігадовым узросце прыйшоў у Першы Беларускі драматычны тэатр на праслухоўванне, то сваім майстэрствам вельмі ўразіў прысутных, і яго ўзялі ў трупу тэатра ў якасці музыканта-аркестранта. У 1926 г. І. Жыновіч паступіў у музычную школу, а праз год - у Беларускі дзяржаўны універсітэт на юрыдычны факультэт. Вучобу ў БДУ ён спалучаў з вучобай у Мінскім музычным тэхнікуме, не перапыняючы адначасова і канцэртнай дзейнасці. Дыпломы юрыста і музыканта І. Жыновіч атрымаў адначасова, але музыка перамагла. Асноўнай яго прафесіяй стала ігра на цымбалах. У 1930 г. з музыкантаў-аматараў быў створаны Дзяржаўны ансамбль беларускіх народных інструментаў, канцэртмайстрам і салістам якога стаў І.І. Жыновіч. Музыкант здзейсніў своеасаблівы прарыў у новыя творчыя сферы ігры на цымбалах як у галіне мастацкага майстэрства, так і ў рэпертуары. Выканальніцкая палітра Жыновіча адрознівалася віртуозным бляскам, артыстызмам, глыбінёй спасціжэння аўтарскай задумы. Яго мастацкай натуры была сугучна як музыка з яркімі эмацыянальнымі ўсплёскамі, так і шчырая, лірычная. У 1939 г. адбыўся Першы Усесаюзны агляд выканаўцаў на народных інструментах, лаўрэатам якога стаў І.І. Жыновіч (другая прэмія). Аб выканальніцкім майстэрстве цымбаліста высока адзываліся знакамітыя музыканты краіны.

    Напярэдадні вайны І.І. Жыновіч скончыў тэарэтыка-кампазітарскае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. У час вайны быў накіраваны ў Казахскую філармонію, адкуль у складзе канцэртнай брыгады выязджаў на фронт. Пасля вызвалення Мінска музыкант вярнуўся ў разбураны горад. Пачаўся самы плённы этап яго творчай дзейнасці.

    Найбольш яркія яе старонкі звязаны з Дзяржаўным акадэмічным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь, мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам якога ён быў амаль 30 год, пачынаючы з 1946 г. Менавіта як дырыжор гэтага аркестра ён набыў самую шырокую вядомасць у слухача і заваяваў прызнанне ў прафесійным асяроддзі. Сольны рэпертуар музыканта складаўся з уласных арыгінальных твораў ("Беларускія танцы", "Працяжная і карагодная", "Сказ пра Беларусь", "Беларуская мелодыя" і іншых), пералажэнняў класічных твораў А. Барадзіна, Г. Вяняўскага, В.А. Моцарта, М. Мусаргскага, П. Чайкоўскага, Ф. Шапэна, І. Штрауса і інш. Цымбалы І. Жыновіча гучалі ў канцэртных залах Германіі, Канады, Польшчы, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі. Сваім выдатным выкананнем ён ператварыў гэты народны інструмент у дасканалы акадэмічны музычны інструмент, які заняў "у табелі аб рангах" месца ў адным радзе з сусветна прызнанымі інструментамі: фартэпіяна, скрыпкай, віяланчэллю.

    Не менш значнай, чым выканальніцкая, была і педагагічная дзейнасць І.І. Жыновіча. Па яго прапанове і ініцыятыве ў Белдзяржкансерваторыі была створана кафедра народных інструментаў, якую ён і ўзначаліў. З кансерваторскага класа І.І. Жыновіча выйшлі такія таленавітыя выканаўцы, як В. Бурковіч, Я. Гладкоў, А. Лявончык, М. Шмелькін і інш. Ён быў аўтарам першага падручніка па цымбалах "Школа для белорусских цимбал" (1948), які пасля смерці аўтара быў перавыдадзены ў 1974 г. пад назвай "Школа игры на цимбалах". Дзейнасць выдатнага выканаўца - чараўніка цымбалаў, дырыжора і кампазітара была адзначана вышэйшым ганаровым званнем краіны - званнем народнага артыста СССР і Дзяржаўнай прэміяй Беларусі 1968. На працягу больш чым паўстагоддзя І.І. Жыновіч заставаўся прыкладам самаадданага служэння музычнаму мастацтву Беларусі. І сёння яго багатая спадчына прыносіць плён і высокае эстэтычнае задавальненне ўсім, хто да яе дакранаецца.

    Жыновіч, І.І. Школа ігры на цымбалах : [рэпертуар.-метад. дапам. для вучняў дзіцячых муз. шк.] / І.І. Жыновіч ; [навук. і выканальніц. рэд. Т.П. Сяргеенкі]. - 3-е выд., са змян. - Мінск : Беларусь, 1993. - 119 с. : партр. - Са зместу: Арыгінальныя творы І.І. Жыновіча для цымбалаў: "На вяселлі", "Беларускія танцы", "Працяжная і карагодная", "Беларуская мелодыя". С. 79-118.
    Жыновіч (Жыдовіч) Іосіф Іосіфавіч // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 469.
    Жыновіч [Жыдовіч] Іосіф Іосіфавіч // 70 год Беларускаму саюзу кампазітараў / [склад. Песнякевіч Таццяна Пятроўна]. Мінск, 2003. С. 22.
    Журавлев, Д.Н. Жинович (Жидович) И.И. / Д.Н. Журавлев // Союз композиторов БССР : крат. биобиблиогр. справ. / Д.Н. Журавлев. Минск, 1978. С. 92-96.
    І.І. Жыновіч ва ўспамінах сучаснікаў : зб. нарысаў / М-ва культуры Рэсп. Беларусь, Бел. дзярж. акад. музыкі ; [склад. М.Р. Солапаў]. - Мінск : [Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі], 1997. - 57 с.
    Насценка, З. Іосіф Жыновіч : (старонкі жыцця) / З. Насценка. - Мінск : Беларусь, 1969. - 72 с. - (Нашы кампазітары).
    Солопов, М.Г. О И.И. Жиновиче / М.Г. Солопов // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, 2002. № 3. С. 102-107.
    Литвин, А. Чародей музыки / Африкан Литвин // Беларуская думка=Белорусская мысль. 1999. № 2. С. 163-165.
    Янкоўская, Н. Заспявалі беларускія струны… : цымбаліст-віртуоз, дырыжор, кампазітар і педагог І. Жыновіч / Наталля Янкоўская // Роднае слова. 1997. № 5. С. 167-172.
    Кекелева, Т. Пяшчотныя гукі цымбалаў / Таццяна Кекелева // Мастацтва. 1997. № 5. С. 7-8.