Нязгасная зорка на беларускім небасхіле

100 год з дня нараджэння беларускага цымбаліста, дырыжора, кампазітара і педагога Іосіфа Іосіфавіча Жыновіча

    З 7 мая па 8 чэрвеня 2007 г. у зале нотных і аўдыёдакументаў (пам. 305) праходзіць выстаўка, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння выдатнага музычнага дзеяча, цымбаліста-віртуоза, дырыжора, кампазітара і педагога Іосіфа Іосіфавіча Жыновіча.

    У кожнага народа ёсць асобы, якія можна параўнаць з пуцяводнымі зоркамі. Іх здзяйсненні, накіраваныя ў будучыню, паказваюць напрамак руху наступным пакаленням. Адной з такіх асоб на Беларусі з'яўляецца Іосіф Іосіфавіч.

    Беларускія цымбалы - душа роднай бацькаўшчыны, напоўненая непаўторнымі гукамі сасновых бароў, мелодыямі ціхіх азёр і павольных рэк. Менавіта з гэтым музычным інструментам звязаны лёс першага на Беларусі цымбаліста-прафесіянала, заснавальніка беларускай школы цымбалаў, народнага артыста СССР, прафесара, арганізатара унікальнага па гучанню аркестра, які зараз носіць яго імя, - І.І. Жыновіча. "Чараўнік цымбалаў", "ўладар цымбалаў", "беларускі самацвет" - так называлі Жыновіча ўсе, хто чуў яго цудоўную ігру.

    Але, магчыма, самыя яркія старонкі яго творчай дзейнасці звязаны з Дзяржаўным народным аркестрам Беларусі, мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам якога ён быў амаль 30 гадоў. Традыцыі, закладзеныя майстрам у творчым абліччы аркестра, свята захоўваюцца як запавет.

    На нашай выстаўцы прадстаўлены кнігі і артыкулы, нотныя выданні і аўдыёдакументы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прысвечаныя жыццёваму і творчаму шляху майстра.

    Контактный тел. 293-27-52