5 верасня 2007 года ў галерэйна-выставачным комплексе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё міжнароднай мастацкай выстаўкі "Усведамленне міфа" ("Осознание мифа").

    З дапамогай міфаў чалавек пачаў пазнаваць сябе і навакольны свет. З самых даўніх часоў і да нашых дзён свядомасць чалавека быццам выткана з мноства міфалагем. Міф як феномен масавай свядомасці актыўна выкарыстоўваецца ў сённяшніх умовах эканамічнымі і палітычнымі элітамі. Для творцаў - мастакоў, паэтаў, музыкаў - багацейшая міфалагічная культура свету стала сапраўднай крыніцай натхнення, асновай - сюжэтнай і вобразнай - безлічу твораў у выяўленчым мастацтве, літаратуры, кіно, тэатры, музыцы… Аснова з асноў любой культуры - фальклор - наскрозь прапітаны паданнямі, легендамі, міфамі.

    Адна з галоўных мэтаў праекта - мастацкімі сродкамі выявіць глыбіню і разнастайнасць міфалагічных асноў сучаснай культуры, напомніць аб класічным міфе і прапанаваць яго сучасную інтэрпрэтацыю.

    У выстаўцы прымаюць удзел шырока вядомыя ў Беларусі майстры пэнзлю, а таксама мастакі-графікі, скульптары, фотамастакі… Акрамя беларускіх мастакоў свае творы прадстаўляюць майстры з Нарвегіі, Арменіі, Расіі, Турцыі, Літвы, Украіны і іншых краін.

    Жывапіс, графіка, скульптура, медыя-арт, фотамастацтва - усё прадстаўленае на выстаўцы дае магчымасць дапытліваму і зацікаўленаму гледачу адчуць асалоду ад сумеснага з аўтарамі стварэння міфу.

    Выстаўка будзе дзейнічаць да 11 кастрычніка 2007.