З 1 па 16 жніўня 2007 г. у чытальнай зале беларускай літаратуры (пам.205) праходзіць кніжная выстаўка "Талент даследчыка і творцы", прысвечаная 60-годдзю Віталя Уладзіміравіча Скалабана, беларускага гісторыка, архівіста, літаратуразнаўца.

     В.У. Скалабан - кандыдат гістарычных навук (1987), працуе ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1968 г. Дыяпазон яго дзейнасці шырокі: ён з`яўляецца аўтарам кніг, шматлікіх навуковых публікацый, дакладаў, прадмоў; выступае ў якасці складальніка і рэдактара. Даследуе гісторыю беларускага нацыянальнага руху, культуру XIX - пач. XX ст., пытанні архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі. Увёў у навуковы ўжытак невядомыя тэксты беларускай літаратуры XIX ст., гісторыка-літаратурныя матэрыялы пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, грамадскіх і культурных дзеячаў. Ён адзін са складальнікаў бібліяграфічных дапаможнікаў "М.М. Улашчык" (1996), "Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы" (1997), "Бібліятэка Міхася Мялешкі" (1998), "Р.П. Платонаў" (2000), "М.В. Доўнар-Запольскі" (2001) і каталогаў выставак М. Мялешкі і М. Каспяровіча; рэдактар-складальнік кніжкі "Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна" (1989); сааўтар сцэнарыяў дакументальна-мастацкіх фільмаў пра Ц.Гартнага, У.Ігнатоўскага, Я. Купалу і інш.

     В.У. Скалабан вядомы і як драматург. На выстаўцы прадстаўлены яго п`есы: дакументальная драма "У жніўні 36-га", гістарычныя драмы "Людвіка і Фабіян", напісаная ў сааўтарстве з Л. Рублеўскай, і "Абняць вышыню" - з А. Карэліным.

     У экспазіцыі больш за 100 выданняў, у якіх прадстаўлены навуковыя і літаратурныя працы аўтара, матэрыялы пра яго жыццё і творчасць.