З 1 па 30 жніўня 2007 г. у чытальнай зале беларускай літаратуры (пам.205) праходзіць кніжная выстаўка "Пісьменнік вялікага таленту", прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Эдуарда Самуйлёнка (1907-1939), беларускага пісьменніка, драматурга.

     На выставе прадстаўлены ўсе выданні твораў аўтара, як на беларускай мове, так і ў перакладах на мовы свету ( рускую, літоўскую, украінскую, армянскую, італьянскую і інш.), надрукаваныя ў кнігах і перыядычных выданнях, а таксама матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменніка. Усяго у экспазіцыі больш за 100 выданняў.

     Створанае Э. Самуйлёнкам на працягу кароткага, але плённага жыцця, трывала ўвайшло ў скарбніцу беларускай літаратуры і займае ў ёй адно з самых пачэсных месц.

     На пачатку літаратурнай дзейнасці пісьменніка полацкі перыяд яго жыцця быў вельмі плённы. На працягу 1931-1934 гг., не пакідаючы працы ў газеце "Чырвоная Полаччына", Эдуард Самуйлёнак напісаў апавяданні і аповесці "Русалчыны сцежкі", "Цагліна каземата", "Паляўнічае шчасце", "Тэорыя Каленбрун" , "Пункт апоры", "Герой нацыі".

     У 1934 г. ён пераехаў у Мінск, дзе цалкам заняўся літаратурнай працай. Па ініцыятыве Максіма Горкага ў маі 1935 г. Эдуард Самуйлёнак разам з Віталем Вольскім, Міколам Хведоровічам і Барысам Мікулічам паехаў у Грузію для абмену творчым вопытам і ўстанаўлення культурных сувязей паміж братнімі рэспублікамі. Адначасова Беларусь наведалі грузінскія пісьменнікі. Трохмесячнае падарожжа было плённым. У Грузіі з`явіліся творы на беларускія тэмы, напісаныя на грузінскай мове, а ў Беларусі выйшаў раман Самуйлёнка "Будучыня" (1938 г.). Гэта быў першы буйны эпічны твор на беларускай мове, які знаёміў чытача з жыццём і гісторыяй грузінскага народа і гэтым спрыяў культурнаму збліжэнню народаў, яшчэ больш умацоўваючы іх дружбу. Аднак, будучы ўжо з 1936 г. хворым, пісьменнік не паспеў напісаць працяг рамана, але падрыхтаваў зборнік апавяданняў "Дачка эскадрона" і напісаў драму "Пагібель воўка".

     Эдуарду Самуйлёнку, было ўсяго 32 гады, калі яго не стала. Ён памёр у росквіце творчых сіл, поўны няздзейсненых планаў і задум. Якуб Колас пра яго пісаў: "Не доўгім быў жыццёвы шлях Эдуарда Самуйлёнка. Ён толькі ступіў на парог свайго пісьменніцкага поўдзеня. Яго выключнае дараванне шырокага мастацкага дыяпазону не паспела яшчэ разгарнуцца ва ўсю красу і сілу. Гэта быў пісьменнік з ярка акрэсленым, сугуба сваім мастацкім голасам".

     Кантактны тэлефон 293-27-16.