Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Тэматычная кніжная выстаўка да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

"Ідэалогія беларускай дзяржавы: сутнасць, прызначэнне, магчымасці"

     Чалавечае грамадства кансалідуецца сістэмай ідэй, якія аб'ядноўваюць розныя слаі насельніцтва, абумоўліваюць каштоўнасныя арыентацыі, маральныя нормы, пэўны ўклад жыцця, сацыяльную актыўнасць. Такая сацыяльна значная і тэарэтычна аформленая сістэма ідэй, дзе адлюстроўваюцца глыбінныя інтарэсы адпаведных сацыяльных груп і слаёў і якая прызначана замацаваць або змяніць грамадскія адносіны, і з'яўляецца ідэалогіяй. Ідэалогія павінна быць той духоўнай сілай, што інтэгрыруе ўсё грамадства ў адзіны сацыяльны арганізм. На думку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі, "ідэалогія для дзяржавы - тое ж самае, што імунная сістэма для жывога арганізма. Калі імунітэт слабее, любая, нават самая нязначная інфекцыя становіцца смяротнай. Гэтак жа і з дзяржавай: калі распадаецца ідэалагічная аснова грамадства, яе гібель становіцца толькі справай часу, якой бы на выгляд дзяржава ні здавалася моцнай і грознай". Ідэалогія дзяржавы - гэта нацыянальная згуртавальная і мабілізуючая ідэя. Яна дазваляе людзям розных перакананняў прыйсці да ўсведамлення агульных каштоўнасцей, спрыяе ўсталяванню ў грамадстве атмасферы згоды і стварэння.
     Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы афіцыйна сфармуляваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе выкладзены галоўны прынцып правядзення дзяржаўнай палітыкі ў нашай краіне: усё павінна рабіцца для чалавека і ў інтарэсах Беларусі.
     Увазе чытачоў і наведвальнікаў Бібліятэкі прапануецца тэматычная выстаўка, дзе прадстаўлена больш за 100 дакументаў, у якіх выдзелены ключавыя пастулаты сучасных ідэалагічных канцэпцый, што складаюць светапоглядную аснову нацыянальнай ідэалогіі, разглядаюцца галоўныя кампаненты ідэалогіі беларускай дзяржавы ў розных сферах жыццядзейнасці беларускага грамадства, пытанні канстытуцыйнага права Рэспублікі Беларусь, раскрываецца месца і роля палітычных інстытутаў і грамадскіх арганізацый у ідэалагічных працэсах, вызначаны асноўныя складальнікі нацыянальна-дзяржаўнай ідэі "пабудовы моцнай і квітнеючай Беларусі".
     Экспазіцыя мае навукова-практычнае значэнне, рэкамендавана палітыкам, дзяржаўным дзеячам, навуковым супрацоўнікам, выкладчыкам, аспірантам і студэнтам, будзе карыснай арганізатарам ідэйна-выхаваўчай работы ў калектывах і арганізацыях. Размешчана на 2-м паверсе атрыума.
     Кант. тэл.: 293-28-86.