З 15 верасня па 5 кастрычніка 2007 г. у чытальнай зале беларускай літаратуры (пам. 205) адкрыта кніжная выстаўка "ВЫБАР І ШЛЯХ", прысвечаная 70-годдзю Аляксея Канстанцінавіча Каўкі, беларускага вучонага-гісторыка і літаратуразнаўца.

    Аляксей Каўка жыве і працуе ў Маскве. Ён даследчык гісторыі Польшчы, польскага рабочага руху, савецка-польскіх адносін. Распрацоўвае праблемы адраджэння і станаўлення нацыянальнай самасвядомасці. Многія даследчыя працы аўтара прысвечаны творчасці знакамітых беларускіх асоб: Ф. Скарыны, Я. Купалы, К. Езавітава, І. Луцкевіча, В. Ластоўскага, М. Улашчыка, а таксама той спадчыне, якую яны пакінулі нашчадкам і якая значна паўплывала на духоўнае жыццё ўсяго ўсходнеславянскага рэгіёна і ўсведамляецца як маштабная агульнакультурная з'ява.

    На выстаўцы прадстаўлена каля 30 выданняў. Гэта выдадзеныя асобнікамі навуковыя працы аўтара, як на беларускай, так і на рускай мовах, шматлікія публікацыі яго артыкулаў, дакладаў, каментарыяў, надрукаваныя ў часопісах і зборніках, а таксама матэрыялы пра жыццё і творчы шлях Аляксея Каўкі.

     У экспазіцыі навуковыя працы аўтара: "Вместе к единой цели (некоторые вопросы польско-советской дружбы)" (1971), "Тут мой народ: Францішак Скарына і беларуская літаратура ХVI - пач. ХХ ст." (1989), "Францишек Скорина и белорусская литература ХVI - начала ХХ в.: проблема преемственности" (1991), "П.Й. Шафарик в контексте белорусской культуры" (1997), "Жывом!: старонкамі беларускага самапазнання" (1997), "Будам жыць!: пра тое самае" (1998), "От Скорины до Купалы: белорусская литература в контексте национально-культурного возрождения" (2006),"Каб не забыцца: допісы розных гадоў" (2006) і інш.

    А. Каўка шырока вядомы як укладальнік літаратурна-навуковага штогодніка "Скарыніч" і як адзін са складальнікаў бібліяграфічных паказальнікаў, прысвечаных М. Улашчыку. Ён шмат займаецца рэдактарскай дзейнасцю. Адзін з раздзелаў экспазіцыі змяшчае гэтыя выданні.

    Жыццю і творчасці, навуковай і грамадскай дзейнасці Аляксея Каўкі прысвяцілі свае публікацыі В.  Каваленка, А. Жураўскі, М. Тычына, У. Арлоў і інш.

    Кантактны тэлефон: (8-017) 293-27-16