З 20 верасня па 10 кастрычніка 2007 г. у чытальнай зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць кніжная выстаўка "ВЫШЫНЯ КРЫТЭРЫЯЎ", прысвечаная 60-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мікалаевіча Міхнюка, беларускага вучонага-гісторыка, даследчыка, педагога.
Уладзімір Мікалаевіч Міхнюк - вучоны найвышэйшага прафесіяналізму і каласальнай эрудыцыі, чалавек яркага творчага і асабістага лёсу. У ім спалучаліся надзвычайна развітае пачуццё чалавечай годнасці, рэдкі тэмперамент, дзіўная самааддача, адкрытасць і шчырасць.
Ён аўтар больш за 450 навуковых і навукова-папулярных выданняў.
Шматпланавасць даследаванняў Уладзіміра Мікалаевіча не ўкладваецца ў рамкі аднаго кірунку. Яго цікавілі праблемы гісторыі і гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і архівазнаўства, археаграфіі і гісторыі беларускай літаратуры. Усё жыццё і навуковая дзейнасць таленавітага вучонага прасякнуты толькі адным палымяным пачуццём - служэннем гістарычнай навуцы.
На выстаўцы прадстаўлена больш за 100 выданняў, у тым ліку вядомыя працы аўтара: "Историография социально-экономического развития белорусской деревни в 1917-1929 гг." (1975), "Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919-1941 гг.) (1985), "Историческая наука Белорусской ССР, 80-е годы" (1987) (у сааўтарстве з П.Ц. Петрыкавым), "Гісторыя славянскіх народаў у працах беларускіх савецкіх даследчыкаў" (1988) (у сааўтарстве з Г.Г. Сяргеевай і
П.Ц. Петрыкавым), "Гістарыяграфія Літоўска-Беларускай ССР" (2005) (у сааўтарстве з Л.Ю. Малыхінай).
Ім таксама падрыхтаваны тры асобныя выпускі выдання бібліяграфічнага паказальніка "Доктарскія і кандыдацкія дысертацыі па гістарычных навуках у Беларусі", у якіх вядзецца пералік дысертацый з 1944 па 1987 і з1991 па 2003 г., (першыя два выпускі былі падрыхтаваны сумесна з галоўным бібліёграфам НББ Л. М. Навіцкай і ўключаюць выданні з 1944 па 1987 г.).
Дзякуючы працы ў архівах, У. Міхнюк змог аднавіць з небыцця шмат імёнаў, лёсаў, падзей. Ён напісаў кнігі і артыкулы пра такіх вядомых асоб беларускай інтэлігенцыі, як А. Луцкевіч, А. Дудар, К. Езавітаў, У. Ігнатоўскі, А. Смоліч, А. Цвікевіч, В. Ластоўскі,
А. Гурло, Б. Тарашкевіч (у сааўтарстве з А. Валахановіч). У выніку даследаванняў з'явіліся новыя матэрыялы да біяграфій М. Гарэцкага, У. Дубоўкі, Я. Пушчы і іншых пісьменнікаў. У сваіх працах Уладзімір Мікалаевіч імкнуўся ўстанавіць гістарычную праўду і годнасць бязвінна асуджаных.
Шмат цікавых публікацый У.М. Міхнюк падрыхтаваў да друку, выступаў у якасці аўтара-складальніка ( "Знешняя палітыка Беларусі" ў 8-мі тамах), аўтара каментарыяў, рэдактара, навуковага рэдактара і кансультанта.
Аўтарытэт і значнасць вучонага высока ацэнены ў навуковым свеце. Навукоўцы-калегі, сярод якіх І. Крэнь, Л. Малыхіна, А. Гесь, У. Ляхоўскі, А. Валахановіч і іншыя расказваюць пра Уладзіміра Міхнюка ў шматлікіх публікацыях, што экспануюцца на выстаўцы.
Кантактны тэлефон: 293-27-16