Да выстаўкі 

Фартэпіянная музыка Беларусі XVIII стагоддзя

    Фартэпіянная музыка Беларусі XVIII стагодцзя. Рэпертуарны зборнік /Уклад.

    В. Дадзіёмава, У. Дулаў. - Мн.: Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, 2000. - 61 с

ГІСТОРЫКА-БІБЛІЯГРАФІЧНАЯ ДАВЕДКА

    У зборніку змешчаны фартэпіянныя творы кампазітараў, якія працавалі на Беларусі ў апошняй трэці XVIII стагоддзя (Падрабязныя звесткі пра гэтых кампазітараў прыведзены ў вучэбным дапаможні-ку: Дадзіёмава В. У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.). У гісторыі айчыннага мастацтва гэты перыяд быў адзначаны бурным развіццём розных форм выканальніцтва (прафесійнага і аматарскага, сольнага і ансамблевага), сярод якіх значнае месца займала выканальніцтва на фартэпіяна. Паводле гістарычных крыніц, дадзены інструмент атрымаў у культуры тагачаснай Беларусі шырокае распаўсюджанне. Ігры на ім вучыліся дзеці арыстакратаў і заможных гараджан; фартэпіянным мастацтвам захапляліся многія меламаны. Натуральна, што ў беларускіх гарадах і маёнтках добра ведалі творы для гэтага інструмента, напісаныя як мясцовымі, так і замежнымі кампазітарамі. Большасць такіх твораў была адзначана прыналежнасцю да пануючага ў той час у Еўропе класічнага стылю.

    Узоры фартэпіяннай музыкі, змешчаныя ў зборніку, прадстаўляюць творчасць кампазітараў розных мастацкіх школ, як прафесіяналаў, так і аматараў. Да ліку апошніх належаць Мацей Радзівіл (1751-1821) - таленавіты музыкант і літаратар, дзейнасць якога звязана з Нясвіжам; Тадэвуш Касцюшка (1746-1817) - ураджэнец Беларусі, аўтар некалькіх фартэпіянных мініяцюр. Што да Восіпа Казлоўскага (1757-1831), таксама выхадца з Беларусі, дык ён увайшоў у гісторыю славянскай культуры як высокапрафесійны кампазітар, стваральнік новых накірункаў у рускай музыцы даглінкінскай пары.

    У зборніку змешчаны таксама творы прадстаўнікоў чэшскай школы - Яна Ладзіслава Дусіка (1760-1812), знакамітага кампазітара, піяніста і арганіста (працаваў у Радзівілаў у Нясвіжы); Войцэха Жыўнага (1756-1842) - піяніста і скрыпача, першага настаўніка Ф.Шапэна (Жыўны выкладаў у Сапегаў у Дзярэчыне); Эрнста Ванжуры - аўтара першых сімфоній на славянскія тэмы (працаваў у Шклове у С.Зорыча). 3 прадстаўнікоў нямецкай школы вылучаны Ёхім Шулыд (1747-1800), знакаміты кампазітар і тэарэтык (працаваў у Сапегаў у Дзярэчыне), і Ян Голанд (1746-1827), высокапрафесійны музыкант, які ўвайшоў у гісторыю культуры Беларусі як аўтар оперы "Агатка", напісанай на мясцовы сюжэт (лібрэта Мацея Радзівіла) і пастаўленай у Нясвіжы ў 1784 г.

    Адметна, што Я.Дусік, Ё.Шульц і Я.Голанд прадстаўлялі творчыя школы, якія вя-дуць свае традыцыі ад І.С.Баха, Г.Тэлемана і І.Кірнбергера, і падтрымлівалі творчыя кантакты з адным з заснавальнікаў фартэпіяннага мастацтва Ф.Э.Бахам.

    Можна меркаваць, што дзейнасць на Беларусі мясцовых і замежных кампазітараў-піяністаў і выкладчыкаў паспрыяла станаўленню тут фартэпіяннай творчасці, выканальніцтва і педагогікі.

***

    Творы, прадстаўленыя ў зборніку, друкуюцца ў Беларусі ўпершыню. Крыніцамі большасці з іх паслужылі рукапісы і старадрукі, выяўленыя мною ў бібліятэках і архівах розных краін; асобныя ўзоры публікуюцца паводле выданняў XX стагоддзя.

    Рукапіс Паланэза М.Радзівіла захоўваецца ў Саксонскай бібліятэцы ў Дрэздэне (Muz. 3788); Паланэза В.Жыўнага - у бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве (№ 3043). Творы Т.Касцюшкі змешчаны ў лонданскім старадруку (Two Polonoises a Waltz Composed for the Patriotic Army of Poland General Kosciusko... London, b. d., асобнік з Варшаўскай бібліятэкі Нарадо-вг.й); творы Я.Голанда надрукаваны ў дадатку да яго "Акадэмічнага трактата аб сапраўдным мастацтве музыкі" (захоўваецца ў Бібліятэцы Інстытута літаратуры АН Літвы); уверцюра да балета Э.Ванжуры змешчана ў "Музычным часопісе для дам" ("Journal de musique, dedie aux Dames", захоўваецца ў Публічнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу).

    Кантрдансы В.Казлоўскага, фартэпіянныя творы Я.Дусіка і Ё.Шульца апублікаваны адпаведна ў наступных выданнях: Козловский И. Два контрданса / Обр. и ред. А.Дроздова. М.: Музгиз, 1950; Dussek J.L. Sonates et Pieses pour Piano. Leipzig, Berlin: C.F.Peters, б/г (Н.д. N 4984); Schulz J.A.P. Sonata per Clavicembalo solo. Berlin, б/г.


Вольга Дадзіёмава