Да выстаўкі 

Помнікі музычнай культуры Беларусі
Ад укладальніка

    У зборніку змешчаны творы кампазітараў, што жылі НА Беларусі ў XVI-XVII стст., у супярэчлівы гістарычны перыяд, адзначаны на сваім працягу рознымі па сутнасці і выніках падзеямі. Росквіт Беларуска-Літоўскага гаспадарства (Вялікага княства Літоўскага) і аб'яднанне яго з Каралеўствам Польскім; дзяржаўна-палітычны, культурны ўздым і шматлікія разбуральныя войны; пашырэнне гуманістычных ідэй, рэфармацыйная хваля і наступленне контррэфармацыі; развіццё рэнесанснага мастацтва, літаратуры, беларускага кнігадрукавання і паступовае выцясненне з афіцыйнага ўжытку беларускай мовы мовамі польскай і лацінскай - гэтыя і іншыя з'явы характарызавалі сацыяльна-палітычнае і культурна-мастацкае аблічча эпохі. Яе сімваламі і гордасцю сталі Францішак Скарына і Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і Мікола Гусоўскі, Мялецій Сматрыцкі і браты Зізаніі, Афанасій Філіповіч і Сімяон Полацкі - сусветна вядомыя беларускія асветнікі, філосафы, літаратары.

    Паміж тым, мала каму сёння ў нас вядомы імёны музыкантаў, што працавалі нд Беларусі ў адзін з імі час. I ўвогуле музычны "модуль" той эпохі пакуль яшчэ не вызначаны айчыннай музычна-гістарычнай навукай. Прычына - адсутнасць большасці і цяжкадаступнасць цудам захаваных крыніц, якія б дазволілі больш-менш поўна і адэкватна рэканструяваць карціну тагачаснай музычнай культуры Беларусі. Крыху дапамагчы ў гэтай справе заклікана дадзенае выданне, якое ўвядзе ў навуковую і канцэртна-выканальніцкую практыку Беларусі музычныя помнікі, што захаваліся ў замежных сховішчах і маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі айчыннай культуры.