30 кастрычніка - 100 год з дня нараджэння А.А. Бембеля (1905-1986), скульптара, народнага мастака Беларусі

Андрэй Бембель

    Першыя навыкі ў мастацтве Андрэй Ануфрыевіч атрымаў у мужчынскай гімназіі павятовага гарадка Веліжа, які ўваходзіў тады ў склад Віцебскай губерні (цяпер Смаленская вобласць), у якім нарадзіўся і жыў. Вельмі важнай у выбары жыццёвага шляху А. Бембеля з'явілася сустрэча з вядомым беларускім скульптарам М.А. Керзіным, які выкладаў у Веліжскай мастацкай школе, а потым - у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, дзе вучыўся будучы мастак. З 1927 па 1930 гады А. Бембель вучыўся ў славутых скульптараў і педагогаў Ленінградскага мастацкага інстытута - акадэміка М.Г. Манізера, прафесараў У.У. Лішава, Р.Р. Баха, В.Л. Сіманава. У інстытуце ён атрымаў разуменне высокага мастацтва і прафесійныя навыкі, але мэту, для якой усё гэта набывалася, трэба было знайсці самому. Пачынаўся перыяд упартай самастойнай працы. У 1931 г. А. Бембель вяртаецца на Беларусь і на першых жа выстаўках у Мінску, у якіх ён прымае ўдзел, дэманструе высокае прафесійнае майстэрства.

    У 1932 г. па праекце вядомага архітэктара І. Лангбарда ў Мінску пачалося будаўніцтва Дома ўрада, які ўяўляўся дойліду як грандыёзны архітэктурна-скульптурны комплекс з самымі разнастайнымі формамі скульптуры і жывапісу. На чале з М. Керзіным над аздабленнем памяшканняў працавала вялікая група беларускіх скульптараў: З. Азгур, Г.Ізмайлаў, А. Арлоў, А. Глебаў і, вядома, А. Бембель. Яму належыць, бадай, самая складаная частка работы: саракачатырохметровы барэльефны фрыз, які ўпрыгожвае кулуары Залы з'ездаў (разам з У. Рытэрам). Працягваючы ўдасканальваць тэхніку барэльефа, А. Бембель у наступныя гады працуе пераважна над афармленнем інтэр'ераў грамадскіх пабудоў: некалькі кампазіцый у зале Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі (не захаваліся), шэраг рэльефных фігур у глядзельнай зале Дома афіцэраў у Мінску. А. Бембель прымаў удзел у афармленні цэнтральнага рэльефа аванзалы павільёна Беларускай ССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве (1939). Тут жа, у павільёне БССР, экспанавалася яго барэльефная шматфігурная кампазіцыя жанравага характару, выкананая ў мармуры, - "Уз'яднанне Заходняй Беларусі ў адзіную Савецкую Беларусь" (перададзена пазней у Дзяржаўны гістарычны музей).

    У 1935-1938 гг. стварыў помнікі У.І. Леніну ў Полацку і Слуцку. У 1939 г. за заслугі ў развіцці нацыянальнага мастацтва А.А. Бембель быў удастоены звання заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў радах Савецкай Арміі, у Беларускім штабе партызанскага руху. Тут ён стварыў свой першы і галоўны твор ваенных гадоў - кампазіцыйны партрэт М.Ф. Гастэлы (бронза, 1943). Ніхто са скульптараў, што звярталіся пазней да гэтага вобраза і іншых герояў вайны, не пазбег гіпнатычнага ўплыву працы А. Бембеля. У гэты час мастак працуе таксама над праектам помніка героям Сталінграда, барэльефам "Беларускія партызаны", партрэтамі Герояў Савецкага Саюза - Ф.І. Паўлоўскага, Д.Ц. Гуляева, П.З. Калініна. 7 ліпеня 1944 г. разам са штабам А. Бембель вярнуўся ў вызвалены Мінск. Адной з першых значных работ мастака пасля дэмабілізацыі стаў партрэт А.М. Матросава (1946). У пасляваенныя гады Андрэй Ануфрыевіч працягвае актыўна працаваць у абранай ім галіне - манументальнай і манументальна-дэкаратыўнай пластыкі, не забываючы, аднак, і аб станковых выставачных творах. Ён удзельнічае ў аднаўленні і рэстаўрацыі буйных скульптурных ансамбляў, пашкоджаных вайной. Яму ж належыць вопыт творчага асэнсавання ў скульптурнай пластыцы матываў нацыянальнай арнаментыкі. А. Бембель - аўтар дэкаратыўных рэльефаў ляпнін у глядзельных залах Тэатра оперы і балета БССР і тэатра імя Я. Купалы. У гэтыя ж гады працягваецца старонка яго Ленініяны. 50-я гады - час росквіту партрэтнай творчасці майстра. Яго мадэлямі з'яўляюцца людзі самых розных прафесій, узростаў, інтарэсаў, грамадскага становішча. Да найбольш значных работ А. Бембеля, прысвечаных гістарычным дзеячам мінулага, трэба аднесці статую рускага вучонага Дз.І. Мендзялеева, устаноўленую ў 1952 г. перад будынкам хімічнага факультэта МДУ, станковую кампазіцыю "Адам Міцкевіч" (1979), партрэты Я. Купалы (1978) і А. Блока (1980). Як своеасаблівае крэда Бембеля - скульптара-манументаліста - успрымаецца адзін з самых цудоўных твораў 50-х гадоў - статуя "Беларусь сацыялістычная" перад павільёнам БССР на ВДНГ у Маскве. Адной з асноўных работ гэтага часу з'яўляецца гарэльеф "9 Мая 1945 года" - кампазіцыя галоўнага фасада Манумента Перамогі ў Мінску (1954). У 1955 г. А.А. Бембелю прысвоена ганаровае званне народнага мастака БССР.

    А.А. Бембель - адзін з аўтараў Кургана Славы Савецкай Арміі (архітэктар А.А. Стаховіч, 1969; Дзяржаўная прэмія Беларусі, 1970), мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" (1971).

    Андрэй Ануфрыевіч належаў да слаўнай плеяды мастакоў-выхавацеляў, для якіх педагогіка стала справай жыцця. А.А. Бембель - адзін з арганізатараў і першых выкладчыкаў Мінскага мастацкага вучылішча (1948-1950) і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, у якім ён, будучы з 1962 г. прафесарам, многія гады загадваў кафедрай скульптуры (1953-1978). У 1950-1954 гг. і з 1982 г. быў старшынёй праўлення Саюза мастакоў Беларусі. Праца скульптара адзначана высокімі ўрадавымі ўзнагародамі, сярэбраным медалём імя М. Грэкава (1972). У 1995 г., у Мінску, у яго доме-майстэрні адкрыты Музей сучаснай беларускай скульптуры імя А.А. Бембеля.

    Бембель Андрэй Ануфрыевіч // Беларускі саюз мастакоў : энцыкл. давед. Мн., 1998. С. 62.

    Бембель Андрэй Ануфрыевіч // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мн., 1996. Т. 3. С. 94-95.

    Бембель Андрэй Ануфрыевіч // Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мн., 1994. Т. 2. С. 12.

    Петэрсон, С. Майстар, які ўмеў усё… / Сяргей Петэрсон // Альманах : запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў. 1998. № 1. С. 142-147.

    Тараканава, М. Маўклівы выклік вечнасці : партрэтныя бюсты М. Гастэлы працы А. Бембеля і З. Азгура / Марына Тараканава // Роднае слова. 2004. № 7. С. 77-78.

    Крэпак, Б.А. Андрэй Бембель [Выяўленчы матэрыял] : [фотаальбом] / Б.А. Крэпак ; [фота В.А. Бараноўскага і інш.]. - Мн. : Беларусь, 1988. - 115 с. : фат.