27 красавіка - 75 год з дня нараджэння (1930) М.В.Данцыга, жывапісца, народнага мастака Беларусі

Данцыг Май Вольфавіч

    Чалавеку, які цікавіцца беларускім выяўленчым мастацтвам, словы "мой Мінск" адразу нагадаюць карціну з выявай моста, які перасякае па дыяганалі палатно і амаль падыходзіць да вядомага ўсім мінчанам Чырвонага касцёла. Аўтар гэтага твора - мастак Май Вольфавіч Данцыг. Ён прыйшоў у беларускае мастацтва на мяжы 50-60 гг. мінулага стагоддзя ў час нараджэння так званага "суровага стылю". У гэты перыяд савецкае выяўленчае мастацтва зрабіла рэзкі скачок наперад, што было абумоўлена з'яўленнем маладога пакалення таленавітых творцаў, якія вызначаліся абвостраным эмацыянальным успрыманнем жыцця, імкненнем знайсці новыя тэмы і новую мастацкую форму. Да іх належаў і Май Данцыг. Ён ужо з першых крокаў сваёй творчасці заявіў аб сабе, як жывапісец буйных сацыяльна важных тэм.

    Нарадзіўся мастак у Мінску. Яго бацька, выкладчык фізкультуры, у вольны ад працы час маляваў і выхоўваў у хлопчыка любоў да мастацтва. Ён бачыў свайго сына музыкантам і аддаў яго вучыцца ў музычную школу па класу скрыпкі. За тры гады вучобы Май добра авалодаў інструментам. Ён мог стаць славутым скрыпачом, але ўсе планы пераблытала вайна. Разам з іншымі бежанцамі сям'я апынулася на Волзе ў г. Ульянаўск, які запомніўся хлопчыку холадам, голадам, цяжкай працай. Пасля вызвалення Мінска Данцыгі вярнуліся ў родны горад. У 1947 г. тут адкрылася мастацкае вучылішча, студэнтам якога стаў Май. Потым ён паступіў у Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя В.І.Сурыкава. Дыпломная работа Данцыга "Насустрач жыццю" атрымала ацэнку "выдатна". Зараз яна захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Пасля заканчэння ў 1958 г. з залатым медалём Сурыкаўскага інстытута Данцыга запрасіў на працу рэктар Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута В.Цвірка на кафедру жывапісу.

    Першыя работы мастака - узвышана-эмацыянальныя. Нават назвы адпавядаюць іх сэнсу: "Я ведаю, горад будзе", "Гудзе зямля салігорская" і інш. Данцыг заўжды працаваў "з натуры". Ён з эцюднікам абышоў увесь Мінск, малюючы родны горад у розныя гады. Пісаў з дахаў дамоў, з балконаў, з расчыненых вокнаў… Пісаў новыя мікрараёны, старажытныя закуткі. Сярод работ, прысвечаных гораду, - "Мінск абуджаецца", "Растуць новыя кварталы", "Новы Мінск", "Мой горад старажытны і малады" і інш. Многія мастакі прызнаюцца, што пасля Данцыга сказаць што-небудзь новае пра Мінск на мове жывапісу вельмі цяжка. Яго карціны сталі сапраўднай візітнай карткай беларускай сталіцы.

    Ёсць яшчэ адна тэма ў творчасці мастака, дзе ён сказаў сваё асабістае важкае слова, - гэта тэма вайны. У творах Данцыга яна адлюстравалася ярка, выразна, натхнёна. І, нягледзячы на тое, што вайна - гэта заўсёды гора, смерць, насілле, жорсткасць, яго работы: "Аб Вялікай Айчыннай…", "Партызанская балада", "Рэквіем", "І памятае свет уратаваны…", "Партызанскае вяселле", "Беларусь - маці партызанская" і іншыя прасякнуты жыццесцвярджальным пачаткам, невынішчальнай прагай жыцця.

    Сённяшні Май Данцыг па сутнасці свайго характару, па стану душы так і застаўся прадстаўніком "суровага стылю", трыбунам і публіцыстам, які ўсёй сваёй творчасцю сумяшчае ідэалы і рэальнасць. Яму цесна і няўтульна ў "малых" формах. Па словах мастака, "карцінкі для кватэр і офісаў - зусім не ганебна. Але для мяне вялікае палатно - арганічная неабходнасць, частка мастацкага вобраза" ( Беларусь. 2001. С. 29.). Нават партрэты Данцыг піша ў вялікіх памерах, падбіраючы для іх людзей неардынарных, высакародных: А.Адамовіча, В.Быкава, А.Анікейчыка, Б.Акуджаву, Д.Граніна, Э.Клімава, Г.Таўстаногава і інш.

    Кожная эпоха нараджае мастакоў, творчасць якіх можна лічыць біяграфіяй часу. Да такіх творцаў належыць і Май Данцыг. Сёння ён выкладае на кафедры жывапісу ў Беларускай акадэміі мастацтваў, працуе над новымі творамі.

    У 2000 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася персанальная выстаўка мастака, якая стала сведчаннем шырокага грамадскага прызнання таленту жывапісца. Творы Данцыга захоўваюцца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (Масква), у зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, музейных калекцыях Расіі, Нідэрландаў, Германіі, Бельгіі, Італіі, ЗША і іншых краін свету.

    Май Данциг : живопись : альбом / авт. текста Г.А.Фатыхова. - Мн. : Интернешнл Транс-Кэпитэл, 2001. - [45] с., включ. обл.
    Данцыг Май Вольфавіч // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мн., 1998. Т. 6. С. 48-49.
    Данцыг Май Вольфавіч // Беларускі саюз мастакоў : энцыкл. давед. Мн., 1998. С. 166.
    Данцыг Май Вольфавіч // Беларусь : энцыкл. давед. Мн., 1995. С. 263.
    Шаранговіч, Н. Мастак, улюбёны ў Мінск / Наталля Шаранговіч // Беларусь. 2001. № 9. С. 28-29.
    Фатыхова, Г. "Мой город древний, молодой" / Галина Фатыхова // Нёман. 2001. № 10. С. 255-256.
    Ліхінец, І. Мы не горшыя, мы - лепшыя / Ігнат Ліхінец // Альманах : Зап. Бел. дзярж. акад. мастацтваў. 2000. № 3. С. 167-173.
    Левина, А. Кто спасет красоту? / Алла Левина // Мишпоха. 2000. № 7. С. 110-114.