17 мая - 160 год з дня нараджэння М.Я. Нікіфароўскага (1845-1910), этнографа, фалькларыста, асветніка

Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч

    Калі згадаць даследчыкаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, то ў лік найбуйнейшых, выбраных з выбраных абавязкова стане імя Мікалая Якаўлевіча Нікіфароўскага - выдатнага збіральніка народна-паэтычных скарбаў, удумлівага даследчыка вуснай паэзіі, народных звычаяў і абрадаў, складальніка змястоўных зборнікаў фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў.

    Нарадзіўся Нікіфароўскі на Віцебшчыне ў вёсцы Вымна Веліжскага павета (Віцебскі раён). Яго бацька быў панамаром у вясковай царкве. Сям'я жыла вельмі бедна і была блізкая нават да таго, каб пайсці "з торбамі". Маці трымалася з апошніх сіл. Аднак гэта сардэчная, чулая жанчына рабіла ўсё, каб даць дзецям пачатковую адукацыю. На апошнія грошы яна магла купіць азбуку з малюнкамі, каб навучыць двух сыноў і дачку чытаць. Першымі настаўнікамі Нікіфароўскага былі выпадковыя людзі: адстаўны салдат, хросны бацька, пісьменны падлетак, манах, сельскі святар. Вучыліся дзеці дзе прыходзілася: у хаце, у двары, на беразе возера, у манастыры. У 1854-1855 гг. на задворках панскага маёнтка была арганізавана школа для сялянскіх дзяцей, дзе выкладаў нейкі пан Рэрых - зволены гімназіст Віцебскай гімназіі, і бацькі ўладкавалі хлопчыка туды. Быў яшчэ адзін настаўнік у Мікалая Нікіфароўскага - Іван Зазубовіч, былы слухач Віцебскага духоўнага вучылішча. Менавіта ён падрыхтаваў хлопчыка да паступлення ў Віцебскі архірэйскі хор, а потым - у духоўнае вучылішча. Шэсць гадоў вучобы прайшлі ў напружанай працы, і ў ліпені 1861 г. Нікіфароўскага як лепшага вучня перавялі ў Віцебскую семінарыю. У семінарыі ён зачытваўся кнігамі: біяграфіямі герояў вайны 1812 г., падарожжамі, выпісваў у сшыткі выказванні, выразы, старажытныя народныя вераванні і забабоны. Рыхтуючыся стаць свяшчэннікам, Нікіфароўскі збіраў матэрыялы для будучай барацьбы з перажыткамі паганства. Пасля паспяховага заканчэння семінарыі ў 1867 г. яму прапанавалі паступіць у Пецярбургскую духоўную акадэмію за свой кошт. Грошай не было, ніхто з блізкіх не мог дапамагчы. Са смерцю маці гаспадарка зусім заняпала. На просьбу пра дапамогу і месца свяшчэнніка Нікіфароўскі атрымаў ад архірэя адмову. Тады ён вырашыў стаць настаўнікам і пасля паўтарамесячнай падрыхтоўкі быў прызначаны выкладчыкам народнага вучылішча ў в. Лоўжа. Так пачалася настаўніцкая дзейнасць Нікіфароўскага. Большую частку жыцця ён працаваў у навучальных установах Віцебска. На педагагічнай ніве вышэй настаўніка падрыхтоўчага класа гімназіі ці семінарыі Нікіфароўскі не пайшоў, аднак пакінуў багатую спадчыну па этнаграфічнаму вывучэнню роднай Віцебшчыны, асабліва калі пазнаёміўся з вядомым вучоным П.В. Шэйнам. Нікіфароўскі больш за дваццаць гадоў бескарысліва працаваў яго карэспандэнтам. Ён даслаў Шэйну такое мноства фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, што той у сваіх выданнях змог змясціць толькі іх частку, астатняе ж перадаў у архіў Акадэміі навук. Сваёй папулярнасцю і навуковай каштоўнасцю фальклорна-этнаграфічныя зборнікі Шэйна ў значнай меры абавязаны Нікіфароўскаму, які зусім не клапаціўся пра славу і марыў толькі пра тое, каб усё сабранае ім па роднай Беларусі ўбачыла свет.

    У 1890 г. Нікіфароўскі стаў членам Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (ТАПЭ) пры Маскоўскім універсітэце і рэдактарам часопіса "Этнографическое обозрение", пачаў выступаць з самастойнымі працамі. Ён апублікаваў каля дваццаці даследаванняў, якія сталі каштоўнай крыніцай для вывучэння матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, іх вуснапаэтычнай творчасці. Этнаграфічны аддзел ТАПЭ з 1892 г. пачаў выдаваць серыю нарысаў Нікіфароўскага пад агульнай назвай "Нарысы Віцебскай Беларусі". Асноўную ўвагу ў гэтай працы даследчык удзяляў характарыстыцы становішча розных груп насельніцтва Віцебшчыны (старцаў, музыкаў і інш.) у час прыгонніцтва. "Нарысы…" складаліся з васьмі частак і былі завершаны ў 1899 г. Нікіфароўскі з'яўляецца таксама аўтарам буйнейшага даследавання па матэрыяльнай культуры беларусаў ХІХ ст. "Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку" (1895). У ім змяшчаюцца падрабязныя этнаграфічныя звесткі па матэрыяльнай культуры і вытворчай дзейнасці сялян Віцебшчыны. Трэцяй капітальнай працай Нікіфароўскага стала кніга "Простанародныя прыкметы і павер'і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны" (1897). У ёй апублікавана 2307 розных народных прыкмет, павер'яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў, сродкаў народнай медыцыны і ветэрынарыі, а таксама сказы і легенды аб асілках. З фальклорных прац Нікіфароўскага заслугоўвае ўвагі першы буйны зборнік беларускіх частушак "Беларускія песні-частушкі" (1911), выдадзены ўжо пасля смерці збіральніка. Ён змяшчае 2356 частушак, сабраных Нікіфароўскім і яго карэспандэнтам з 1860 па 1905 гг. Гэты зборнік дае багаты матэрыял, з дапамогай якога можна прасачыць працэс развіцця частушачнага жанра з сярэдзіны ХІХ да пачатку ХХ ст. Нікіфароўскаму належаць таксама зборнікі "Простанародныя загадкі" (1898), "Нячысцікі. Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу" (1907, 2-е выд. Віцебск, 1995), "Напаўпрыказкі і напаўпрыслаўкі" (1928) і інш.

    Навуковая дзейнасць Нікіфароўскага была плённай і каларытнай. Кнігі вучонага дапамаглі выпрацоўцы правільных поглядаў на Беларусь і беларускі народ. Яны з'яўляюцца каштоўнай і багацейшай крыніцай усебаковага вывучэння матэрыяльнай і духоўнай спадчыны беларусаў.

    Никифоровский, Н.Я. Странички из недавней старины города Витебска : воспоминания старожила / Н.Я. Никифоровский ; предисл., текстол. подгот. и коммент. А.М. Подлипского. - Мн. : Полымя, 1995. - 149 с. - (Литературные памятники Беларуси).
    Никифоровский, Н.Я. Нечистики : свод простонародных в Витеб. Белоруссии сказаний о нечистой силе / Н.Я. Никифоровский. - Витебск : Изд. Н.А. Паньков, 1995. - 85 с. - (Серия "Народная культура"; вып. 1.).

А б  ж ы ц ц і  і  д з е й н а с ц і  М. Я. Н і к і ф а р о ў с к а г а

    Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мн., 2000. Т. 11. С. 342.
    Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мн., 1999. Т. 5. С. 326-327.
    Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Асветнікі зямлі Беларускай, Х - пач. ХХ ст. : энцыкл. давед. Мн., 2001. С. 311-312.
    Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Этнаграфія Беларусі : энцыклапедыя. Мн., 1989. С. 368.
    Пятроўская, Г.А. Пачынальнік беларускага народазнаўства М.Я. Нікіфароўскі / Г.А. Пятроўская. - Мн. : Навука і тэхніка, 1991. - 72 с.
    Пятроўская, Г. Праўдзівае ; Спраўджанае / Галіна Пятроўская // Мастацтва. 1995. № 7. С. 27-35.