15 верасня - 220 год з часу адкрыцця (1785) Мінскай вышэйшай духоўнай семінарыі

Мінская вышэйшая духоўная семінарыя

    Гісторыя стварэння вышэйшай навучальнай установы Беларускай праваслаўнай царквы - Мінскай вышэйшай духоўнай семінарыі - бярэ свой пачатак у канцы XVIII ст., калі 15 мая 1785 г. імператрыца Кацярына II загадала заснаваць у Слуцку пры праваслаўным епіскапе Віктары (Садкоўскім) семінарыю. Высачэйшы ўказ з'явіўся вынікам пагаднення паміж Польшчай і Расіяй аб аднаўленні ў межах Рэчы Паспалітай праваслаўнай епіскапскай кафедры і меў на мэце паляпшэнне адукацыі праваслаўных на гэтых землях.

    15 верасня 1785 г. "Набожная Слуцкая праасвяшчэннага Віктара Садкоўскага семінарыя" была адкрыта. Першымі вучнямі яе сталі дзеці свяшчэннаслужыцеляў з блізкіх да Слуцка мясцін. На пачатку ў семінарыі дзейнічалі два класы: ніжэйшы і вышэйшы, у якіх навучалася 25 чалавек. У 1789 г. польскія ўлады арыштавалі праасвяшчэннага Віктара. Семінарыя была закрыта і зноў пачала сваю дзейнасць толькі ў студзені 1793 г. спачатку пад сваёй папярэдняй назвай, а пасля стварэння Мінскай губерні і Мінскай епархіі была перайменавана ў Мінскую. Пераемнікам праасвяшчэннага Віктара стаў праасвяшчэнны Іоў (Пацёмкін). Ён пераўтварыў Мінскую семінарыю ў 8-мі гадовую навучальную ўстанову як і іншыя вялікарасійскія семінарыі. Былі адкрыты вышэйшыя класы - філасофскі і багаслоўскі. Павялічылася колькасць выхаванцаў і выкладчыкаў. Пачатую з поспехам праасвяшчэнным Іовам справу прадоўжыў яго пераемнік архіепіскап Серафім, які паставіў перад сабой мэту: узвесці семінарыю на вышэйшую ступень дасканаласці, але надышоў 1812 г., і семінарыя зноў спыніла сваю дзейнасць.

    У 1816 г. семінарыя была падзелена на тры навучальныя ўстановы: прыходскае і павятовае вучылішчы і ўласна семінарыю, якая пачала працаваць па новых навучальных планах, а ў 1840 г. была пераведзена ў Мінск і стала Мінскай не толькі па тытулу епархіі, але і па месцы свайго знаходжання. У курс навучання былі ўведзены новыя прадметы - медыцына, прыродазнаўства, сельская гаспадарка. Агранамічныя навукі выкладаліся не толькі ў тэорыі, але і на практыцы. Важнае месца адводзілася ў семінарыі і вывучэнню гісторыі роднага краю. У 1848 г. семінарыяй быў выдадзены збор старажытных грамат і актаў гарадоў, манастыроў і цэркваў Мінскай губерні. У 1864 г. было выдадзена "Гісторыка-статыстычнае апісанне Мінскай епархіі", складзенае рэктарам семінарыі архімандрытам Мікалаем. Выкладчыкі Мінскай духоўнай семінарыі былі высокаадукаванымі людзьмі, мелі вучоныя ступені і навуковыя працы. Праславілі гэтую навучальную ўстанову і яе шматлікія выхаванцы: гісторыкі XIX ст. У.З. Завітневіч і І.І. Малышэўскі, прафесар Пецярбургскай ваенна-медыцынскай акадэміі Ф.І. Пастарнацкі, дыпламат І.А. Гашкевіч і інш.

    Дзейнасць Мінскай духоўнай семінарыі была спынена ў 1918 г. Толькі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, дзякуючы патрыятычнай пазіцыі Рускай праваслаўнай царквы ў гады ліхалецця ўрад краіны змяніў адносіны да рэлігіі. У 1945 г. улады далі згоду на адкрыццё ў Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры пастырска-багаслоўскіх курсаў, кіраўніцтва якімі было даручана ігумену Лявонцію (Бондару). У 1947 г. курсы пераўтварылі ў семінарыю, якую ўзначаліў архімандрыт Мітрафан (Гутоўскі), намеснік Жыровіцкага манастыра. Быў пабудаваны асобны будынак для навучэнцаў і кіраўніцтва семінарыі, але ўмовы яе існавання былі складанымі, і ў 1963 г. семінарыю зноў закрылі. Толькі ў канцы васьмідзесятых гадоў, калі адбыўся перагляд дзяржаўнай палітыкі адносна Праваслаўнай царквы, дзейнасць семінарыі была адноўлена. У 1989 г. па ініцыятыве цяперашняга Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта (Вахрамеева) Мінская духоўная семінарыя зноў адкрылася ў Жыровіцкім манастыры. Рэктарам яе стаў намеснік манастыра архімандрыт Стафан (Корзун). У 1991 г. семінарыя атрымала статус вышэйшай навучальнай установы з пяцігадовым тэрмінам навучання. Семінарыя рыхтуе свяшчэннаслужыцеляў і царкоўных служак Беларускай праваслаўнай царквы. Выкладаюцца багаслоўскія, філасофскія, філалагічныя, гістарычныя, царкоўна-прыкладныя дысцыпліны. Лекцыі ў семінарыі чытаюць спецыялісты з сусветна-вядомымі імёнамі. Студэнты пасля абароны дыпломных прац атрымліваюць ступень бакалаўра. Лепшых пасылаюць на стажыроўку ў прэстыжныя заходнія багаслоўскія навучальныя ўстановы. Узначальвае семінарыю рэктар Яго Высокапрападобнасць архімандрыт Леанід (Філь). Пры семінарыі дзейнічае нядзельная школа, у якой выкладаюць студэнты семінарыі. Адкрыта рэгенцкая школа, дзе заняткі вядуць вядомыя спецыялісты ў галіне музыкі.

    Мінская вышэйшая духоўная семінарыя // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мн., 2000. Т. 10. С. 423.
    Мінская духоўная семінарыя // Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мн., 1999. Т. 5. С. 177.
    Мінская вышэйшая духоўная семінарыя // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыкл. давед. Мн., 2001. С. 205.
    Минская высшая православная духовная семинария // Церкви и приходы Минска : история и современность. 2-е изд., доп. Мн., 2001. С. 95-97.
    Вержболович, М.И. История Минской духовной семинарии : [в 2 вып.] / М. Вержболович. - Мн. : Типо-литогр. Б.И. Соломонова, 1893-1896.
Вып. 1 : Дореформенный период. - 1893. - 183, [2] с.
Вып. 2 : (1817-1840 гг.). - 1896. - 96, [2] с.
    Вержболович, М.И. История Минской духовной семинарии [Микроформа] : [в 2 вып.] / М. Вержболович. - Мн. : Типо-литогр. Б.И. Соломонова, 1893-1896.
Вып. 1 : Дореформенный период. - 1 мф. (97 кадров).
Вып. 2 : (1817-1840 гг.). - 1 мф. (5 кадров).
    Столетний юбилей Минской духовной Семинарии, 14 апр. 1893 г. - Изд. 2-е. - Мн. : Типо-литогр. Б.И. Соломонова, 1894. - 80 с.
    Стефан (архиепископ Пинский и Лунинецкий). История Минской Духовной Семинарии : [1785-1918 гг.] / Высокопреосвященнейший Стефан, архиепископ Пинский и Лунинецкий // Ступени. 2000. № 1. С. 6-8.
    Нікан (Лысенка, ігумен). Гісторыя Менскай Духоўнай Семінарыі і сучасны стан праваслаўнай духоўнай школы на Беларусі : (прамова на Урачыстым Акце 1 верас. 1993 г. з нагоды 200-годдзя Менскай Духоўнай Семінарыі) / ігумен Нікан (Лысенка) // Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце. 1994. № 1. С. 17-28.
    Глеб (Шульмин, игумен). К 200-летию Минской Духовной Семинарии / игумен Глеб Шульмин // Минские епархиальные ведомости. 1993. № 1-6. В 2 ч. Ч. 2. С. 100-102.
    Константин (епископ Новогрудский и Лидский). Речь ректора Минской Духовной семинарии епископа Новогрудского и Лидского Константина на торжественном акте, посвященном дню Небесных покровителей семинарии вселенских учителей и святителей Василия Великого, Григория Богослова и Иоанна Златоуста 12 февраля 1996 года / [епископ Новогрудский и Лидский Константин] // Журнал Московской патриархии. 1996. № 4/5. С. 27-30.
    Бераст, М. Жыровіцкі прыстанак / Міхась Бераст // Горизонты. 2004. № 3. С. 30-39.
    Антоник, В.К. Воспоминания профессора МинДА Антоника В.К. / В.К. Антоник // Ступени. 2001. № 2. С. 21-25.
    Скурат, К.Е. Воспоминания профессора МДА К.Е. Скурата / [К.Е. Скурат] // Ступени. 2000. № 1. С. 11-13.