АРТ КРОК

      “АРТ КРОК” – гэта пятая па ліку выстаўка, якая ладзіцца штогод сябрамі Міжнароднай гільдыі жывапісцаў. Менавіта яны і фарміруюць асноўны склад удзельнікаў. Частка ўдзельнікаў – спецыяльна запрошаныя мастакі. Адметнасць гэтага праекта ў тым, што ёсць для ўдзелу ў ім вызначальная ўмова – кожны мастак прадстаўляе па свайму выбару на суд гледача да трох сваіх работ, і гэтыя работы павінны быць выкананы за апошні год і раней не выстаўляцца. Такая ўмова, на думку арганізатараў, дае магчымасць зацікаўленаму гледачу ўбачыць на выстаўцы пэўны зрэз беларускага жывапісу, зразумець і выявіць некаторыя тэндэнцыі ў яго развіцці. Акрамя ўсяго, гэта павышае адказнасць перад гледачом, бо ніякага цэнзара, акрамя самога мастака, няма.

      Выстаўка прадстаўляе даволі стракатую палітру сучаснага беларускага мастацтва. Тут прадстаўлены жывапісныя творы, акварэль, мастацкае фота самых розных напрамкаў і стыляў: ад абстрактных палоцен да акадэмічных штудый. Работы на выстаўцы розныя не толькі па тэхніцы, матэрыялах, але і па своеасабліваму светаўспрыманню мастака, адметнаму характару яго пластыкі, арыгінальнаму вобразнаму мысленню.

      Постмадэрнісцкі дух сучаснага мастацтва праграмна не прымае нейкі адзін стыль, скажам, рамантызм ці рэалізм. Ён сцвярджае, што кожны мастак мае права, а зрэшты і абавязак стварыць глыбока індывідуальны, арыгінальны і непаўторны ўласны Вялікі стыль. Тым не менш, гэта не перашкаджае беларускім мастакам актыўна засвойваць мастацкі вопыт многіх пакаленняў мастакоў самых розных школ і напрамкаў.

      Глабальныя працэсы, закрануўшыя асновы сучаснага грамадства непасрэдным чынам уплываюць і на Мастацтва. Сучасныя тэхналогіі, Інтэрнэт, сістэма масавых камунікацый, якая імкліва развіваецца, безумоўна ўплываюць на сучасныя формы мастацтва і не заўсёды станоўча. У многім страчваецца самабытнасць мясцовых школ, нівеліруецца індывідуальнасць. Гледзячы на абстрактныя палотны ці інсталяцыю не заўсёды можна сказаць, хто аўтар – немец, кітаец ці японец. Да гонару беларускіх мастакоў, трэба зазначыць, беларускае мастацтва, засвойваючы здабыткі сусветнай мастацкай культуры, не губляе сваіх нацыянальных прыкмет і самабытнасці. Аб гэтым яскрава сведчаць шматлікія творы на прадстаўленай экспазіцыі.

Фёдар Ястраб,
куратар праекта