|
|
|
12 ліпеня 2006 г. а 17 гадзіне ў новым будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Прысвячэнне Беларусі”. Гэта выстаўка знакавая, таму што менавіта ёй распачаў сваю дзейнасць галерэйна-выставачны комплекс Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, які ўключае ў сябе чатыры галерэі: “Атрыум”, “Лабірынт”, “Ракурс”, “Панарама”. Яны размешчаны на 2, 3 і 22 паверхах і ўмяшчаюць да 200 твораў. Выстаўка “Прысвячэнне Беларусі” – даніна пашаны і павагі той краіне, таму народу, які так чуйна клапоціцца аб сваім культурным і інтэлектуальным здабытку. Мноства твораў, прадстаўленых у экспазіцыі, асвечаны сапраўднай улюбёнасцю ў сваю Беларусь, у яе ўтульныя ландшафты, яе людзей, яе гісторыю і культуру. Многія майстры – удзельнікі выстаўкі – добра вядомыя не толькі ў сябе на Радзіме, але і за яе межамі. Гэта Алесь Родзін, Сяргей Рымашэўскі, Федар Ястраб, Алесь Ксяндзоў, Мікола Бушчык, Валеры Шкаруба і іншыя. Дасціпны глядач можа адзначыць у іх творах шырокую палітру выяўленчых магчымасцей сучаснага мастацтва – адметную пластыку, цікавыя аўтарскія тэхнікі, нечаканыя кампазіцыйныя хады, сваеасаблівае адчуванне колеру. Усіх тых, хто цікавіцца сучасным мастацтвам, запрашаем на вернісаж у галерэю “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: Праспект Незалежнасці,116, Нацыянальная бібліятэка Беларусі |
|||