![]() |
![]() |
Выдатнага майстра краязнаўчай фатаграфіі XX ст. Я. Булгака называюць сваім адразу тры краіны - Беларусь, Літва і Польшча. Нарадзіўся ён у Беларусі, на Навагрудчыне, у невялікім маёнтку ў вёсцы Асташына. Сямейныя традыцыі (бацька паходзіў са славутага роду Сыракомляў), а таксама дух Міцкевіча на навагрудскай зямлі зрабілі моцны ўплыў на фарміраванне асобы будучага мастака. У 1897 г. Я. Булгак скончыў класічную гімназію ў Вільні. У тым жа годзе паступіў на факультэт філасофіі Ягелонскага універсітэта ў Кракаве. Але абмежаванасць сродкаў прымусіла юнака праз два гады пакінуць вучобу. Далейшы яго шлях быў на Міншчыну, у невялікую вёсачку Перасека, дзе знаходзіўся маёнтак, які ён атрымаў у спадчыну ад маці. Пачаўся новы этап яго жыцця, непасрэдна звязаны з фатаграфічнай творчасцю. Прычым захапіўся фатаграфіяй Булгак выпадкова, калі яго жонка атрымала ў падарунак фотаапарат. Найбольш вядомыя фатаграфіі Булгака, зробленыя ў Беларусі, характарызуюцца ярка вызначанай этнаграфічнай скіраванасцю: беларускія народныя тыпы, краявіды, вёскі, гаспадарчыя пабудовы беларускіх сялян ("Беларус з-пад Клецка", "Бабулька-беларуска з маёнтка Перасека пад Мінскам", "Вечар. Міншчына"). Вялікі ўплыў на творчасць пачынаючага фатографа аказала яго знаёмства з беларускім мастаком Фердынандам Рушчыцам. Менавіта пад яго ўплывам адбылося пераўтварэнне фатографа-аматара ў фатографа-прафесіянала.
У 1912 г. Булгак пераехаў у Вільню. Тут ён стаў знакамітым фатографам. З 1912 па 1919 г. Булгак зрабіў некалькі тысяч здымкаў культавых збудаванняў, палацаў, могілак, вуліц і завулкаў Вільні. Чароўны вобраз горада паўстае з нізкі віленскіх здымкаў бясконцаю чарадою сюжэтаў і настрояў, святла і ценю. Серыю сваіх здымкаў ён змясціў у часопісе "Вестник фотографии", у якім супрацоўнічаў у 1913-1914 гг.
У 1919-1939 гг. Я. Булгак кіраваў лабараторыяй мастацкай фатаграфіі пры Віленскім універсітэце, быў абраны старшынёй Віленскага фотаклуба. Менавіта тады ён стварыў і калекцыю здымкаў, якія ўвайшлі ў яго славутыя фотаальбомы пра Віленшчыну, возера Нарач, тады ж з'явілася і серыя гарадскіх краявідаў Вільні. За сваю творчую дзейнасць Я. Булгак неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі і медалямі. На вялікі жаль, большая частка фотатэкі мастака загінула ў Вільні ў 1944 г.
У 1945 г. Булгак пераехаў з сям'ёй у Варшаву, дзе стаў фігурай легендарнай - адным з заснавальнікаў Саюза польскіх фотамастакоў, пэўны час яго першым прэзідэнтам і старшынёй кваліфікацыйнай камісіі. Вядомы Я. Булгак не толькі як майстра краязнаўчай фатаграфіі, але і як педагог, бібліёграф, фалькларыст, гісторык мастацтваў, першы беларускі гісторык фатаграфіі. Ён аўтар дзесяткаў артыкулаў пра беларускі фальклор і краязнаўства ("Экскурсіі на Свіцязь", 1910; "Велікодныя песні на Міншчыне (валачобнікі)", 1911 і інш.), прац пра мастака Ф. Рушчыца, даследаванняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі. Яму належыць спецыяльная праца "Пра першых віленскіх фатографаў з XIX стагоддзя" (1939) і кніга ўспамінаў "Край дзіцячых гадоў", у якой адлюстравана жыццё Навагрудчыны канца XIX - пачатку XX ст. Фатаграфіі Я. Булгака зберагаюцца ў архівах і бібліятэках Вільнюса і Варшавы. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі таксама захоўваецца невялікая калекцыя работ фотамастака. У 1999 г. яна ўпершыню публічна экспанавалася ў мінскай незалежнай галерэі візуальных мастацтваў "Nova".
Булгак Ян // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 329.