1 чэрвеня - 60 год з дня нараджэння (1946) Г.В. Далідовіча, пісьменніка

Далiдовiч Генрых Вацлававiч

    Генрых Далідовіч належыць да таго пісьменніцкага пакалення, актыўнае творчае станаўленне якога прыпала на 1970-я гады. Сярод яркіх прадстаўнікоў "сямідзесятнікаў" добра вядомыя імёны Я. Янішчыц, А. Разанава, В. Іпатавай, А. Жука, В. Гігевіча, С. Законнікава, Т. Бондар, В. Коўтун… Г. Далідовіч - прызнаны мастак-псіхолаг, нястомны даследчык чалавечага жыцця і нашага беларускага мінулага. Ім створаны сапраўды значныя і адметныя творы, і напісаны яны з мастацкай грунтоўнасцю, усхвалявана і смела. Дыяпазон выяўлення творчай асобы пісьменніка шматгранны: яму падуладныя навелістычны жанр і раманны эпас, ён выдатны стыліст, майстар літаратурнага пейзажу.

    Радзіма Генрыха Вацлававіча - вёска Янкавічы, што ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. Нарадзіўся ён у коласаўскім краі, на слыннай зямлі пісьменніцкіх талентаў. Рос у звычайнай сялянскай сям'і, дзе культывавалася павага да працы, зямлі, бацькоў, шанаваліся духоўна-верніцкія традыцыі. Бацька - каваль, маці - сялянка, якая нарадзіла і выхоўвала шасцярых дзяцей. Да пятнаццаці год жыў на хутары, у "бяскрайным полі, дзе ўзімку снег, белізна, улетку - поле, мора зеляніны…". Да пяці год бацькі навучылі чытаць па-польску, у першым класе спазнаў беларускую мову. З роднай вёскі пасля заканчэння Дзераўнянскай дзесяцігодкі юнак падаўся па веды ў "вялікі" свет. Дарога прывяла ў сцены Белдзяржуніверсітэта, на філфак, які ён закончыў у 1968 г. Затым Г. Далідовіч пайшоў па жыцці настаўніцкай сцежкай: выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Шабыньскай васьмігодцы на Барысаўшчыне, некаторы час быў завучам гэтай школы. Служыў у войску. Лёс Г. Далідовіча, як бачна, складваўся даволі тыпова.

    У 1968 г. часопіс "Маладосць" змясціў апавяданне "Ліст да Олі", якое стала важкай заяўкай маладога празаіка, засведчыла пра несумненны псіхалагічна-даследчыцкі патэнцыял яго таленту. Жыццёвы выбар быў прадвызначаны: апантанасць мастацкім словам не давала спакою, клікала да актыўнай творчай працы. І таму Г. Далідовіч развітаўся са школай, настаўніцтвам і пераехаў у Мінск. Тут, у літаратурным цэнтры Беларусі, ён знайшоў сябе. Не адзін год шчыраваў у аддзеле прозы часопіса "Полымя" (з 1973 г.), аднак асабліва багата часу і сіл аддадзена часопісу "Маладосць", у якім ён працаваў з 1979 г. спачатку намеснікам галоўнага рэдактара, а з 1991 г. пісьменнік узначальваў рэдакцыйны калектыў.

    На сённяшні дзень колькасць кніг, выдадзеных ім, набліжаецца да дваццаці, а першай стала "Дажджы над вёскай", якая ўбачыла свет у 1974 г. Потым былі зборнікі апавяданняў і аповесцей "Цяпло на першацвет" (1976), "Маладыя гады" (1979), "Міланькі" (1980), "На новы парог" (1983), "Станаўленне" (1985), "Міг маладосці" (выбранае, 1987), "Жывы покліч" (1995). Амаль дзесяць год было аддадзена стварэнню цыкла гістарычных раманаў "Гаспадар-камень" (1986; Літаратурная прэмія СП БССР імя І. Мележа 1987), "Пабуджаныя" (1988), "Свой дом" (1992; часопісны варыянт, 1989). Заходнебеларускай рэчаіснасці празаік прысвяціў раман "Заходнікі" (1994; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1996).

    Для Г. Далідовіча ад самага пачатку творчасці галоўным аб'ектам мастацкага даследавання стала псіхалогія чалавека, свет яго думак і пачуццяў. Эстэтычнае крэда аўтара бачыцца ў імкненні паказваць чалавечае жыццё, маляваць вобразы сваіх герояў псіхалагічна дакладна, паўнакроўна і змястоўна. Таму заканамерна, што празаік істотна перагледзеў і дапрацаваў шэраг сваіх ранейшых твораў.

    Сапраўдны літаратурны поспех і вядомасць Г. Далідовічу прынёс цыкл аповесцей пра вясковых настаўнікаў: "Усё яшчэ наперадзе", "Міланькі", "Завуч", "Дырэктар". Гэтыя творы склалі тэтралогію, першы твор якой пазначаны 1972 г., а заключны - 1979 г. Напісаны аповесці на аўтабіяграфічнай аснове, аб'яднаны вобразам настаўніка Паўла Васільца. Удумліва асэнсоўвае пісьменнік тэму вёскі ў аповесці "На новы парог". Цяжкі, балючы надлом у душы селяніна Гаптара выкліканы тым, што яго родную вёску Бабчын Скон выключылі з перспектывы сучаснага жыцця, палічылі лішняй і непатрэбнай, асудзілі на смерць. "…Калі думаць, далёка ўперад заглядваць, дык трэба і пра такое падумаць: а ці ўсё зводзіць у вёсцы вясковае, а ці не прыйдзецца некалі зноў вёску рабіць?", - з такім пытаннем разам са сваім героем Г. Далідовіч напрыканцы 1970-х празорліва ўглядаўся ў будучыню. Відаць, самы прыцягальны магнетычны бок Далідовічавай прозы - тэма кахання. Амаль кожны твор пісьменніка змяшчае любоўныя ці сямейна-бытавыя калізіі, напоўнены інтымнымі страсцямі. Г. Далідовіч - пісьменнік вельмі чуйны да ўнутранага свету жанчыны, ён умее тонка выявіць усю гаму інтымных пачуццяў. Пра гэта яскрава гавораць апавяданні "Асенняе лета", "Маня", "Слёзкі палявыя", "Ада", "Быць разам", аповесць "Юля" і інш. Творы такога кшталту аб'ядналіся ў кнігу "Жар кахання: апавяданні пра жанчын" (1996).

    Г. Далідовіч выявіў сябе як пісьменнік гісторыка-эпічнага мыслення. Яго мастацка-гістарычная трылогія прысвечана аднаму з самых складаных і драматычных момантаў нашага мінулага - станаўленню беларускай дзяржаўнасці ў 1917-1919 гг. Твор мае грунтоўную дакументальнасць, напісаны з прыцягненнем шматлікіх матэрыялаў. У аснове трылогіі - паказ абуджэння і гартавання нацыянальнай свядомасці, галоўнай у ёй стала нацыянальная ідэя. Раман "Гаспадар-камень" узнаўляе жыццё беларускай вёскі і горада да пярэдадня Першай сусветнай вайны. Твор багаты на вобразы. Аўтар выявіў сябе майстрам стварэння паўнакроўных чалавечых вобразаў-тыпаў і малюнкаў народнага жыцця. Л. Ламека, якая стала адным з першых рэцэнзентаў гістарычных твораў пісьменніка, слушна адзначыла, што "калі ў архітэктоніцы рамана "Гаспадар-камень" галоўны мастацкі прынцып - даследаванне характараў, то ў "Пабуджаных" - даследаванне падзей". І сапраўды, раманы "Пабуджаныя" і "Свой дом" насычаны гістарычнымі падзеямі: Лютаўская рэвалюцыя на Беларусі, Усебеларускі з'езд 1917 г. і абвяшчэнне БНР, дзейнасць БСГ, утварэнне БССР, Трэці Усерасійскі з'езд, на якім па нацыянальным пытанні востра выступіў Зміцер Жылуновіч (Ц. Гартны), нямецкая і белапольская акупацыі і лёс дзяржаўнасці, супрацьстаянне партый, рухаў, ідэй… Творы Г. Далідовіча нагадваюць усім нам пра адказнасць перад гісторыяй і будучыняй.

    Да заходнебеларускай тэмы празаік падступаўся ў аповесці "Жывы покліч", напісанай у пачатку 1980-х і прысвечанай яго бацькам і іншым "маладым бацькам 1944 і 1945 гадоў". У гэтым творы аўтар закрануў тэму "заходнікаў", іх жыцця адразу пасля выгнання фашыстаў.

    У рамане "Заходнікі" адлюстравана рэчаіснасць першых пасляваенных гадоў у былой Заходняй Беларусі. Час гэты, як паказвае пісьменнік, быў суровы, жорсткі, поўны сацыяльных і чалавечых драм. Аўтар даследуе праблему "ўсходнікі-заходнікі" найперш як ідэалагічную, уласцівую пэўнаму часу, а затым і як маральна-этычную катэгорыю. Мастацкае даследаванне рэчаіснасці Г. Далідовіч звязвае з паняццямі нацыянальнага, хрысціянскага і агульначалавечага. Толькі ў такім агульнагуманістычным кантэксце бачыцца агіднасць і ваяўнічая агрэсіўнасць ідэалогіі сталінскага таталітарызму. З аднаго боку, гэта выдатна ўвасоблена мастаком на прыкладзе трагічнай гісторыі сям'і Грыгарцэвічаў - шчырых рупліўцаў і сумленных працаўнікоў беларускай зямлі. З другога боку, гэта ж праблема вырашаецца пісьменнікам і на вобразах носьбітаў новай улады, новай палітыкі і ідэалогіі, найперш, праз вобраз Кураглядава - спачатку старшыні сельсавета, потым - старшыні калгаса.

    Гісторыя, на жаль, застаецца для многіх з нас неспазнанай зямлёй, якую яшчэ трэба адкрываць і абжываць. У гэтым дапамагаюць не толькі працы гісторыкаў, але і мастацкія творы, такія, як раман Г. Далідовіча "Кліч роднага звона" (1995). Гэта разгорнутае мастацкае палатно, у якім даследуецца тэма станаўлення і росквіту Вялікага княства Літоўскага. Ужо ў першай кнізе рамана выразна праглядваецца маральна-філасофская скіраванасць думкі пісьменніка: "Толькі той край блаславенны ў Бога, дзе шануюцца продкі і іхняе далей доўжаць нашчадкі. Калі ж гэтая повязь абарваная, дык нашчадкі няшчасцяць свой край, сябе, сваіх дзяцей і ўнукаў, а ўрэшце выраджаюцца і на гэтай зямлі прарастае наноснае семя...". Звон мінулага кліча нас, сённяшніх беларусаў, памятаць пра гэта, быць годнымі дзецьмі сваёй зямлі.


Т в о р ы  Г.  Д а л і д о в і ч а

    Жывы покліч : выбранае / Генрых Далідовіч ; [прадмова Алеся Марціновіча]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. - 558 с.
    Увайшлі апавяданні, раман "Гаспадар-камень", аповесці "Жывы покліч" і "Юля".
    Западники : роман / Генрих Далидович ; [перевод с белорусского Николая Сердюкова] // Нёман. 1993. № 9. С. 8-127.
    Гаспадар-камень : раман / Генрых Далідовіч // Гаспадар-камень : раман / Генрых Далідовіч. Пушчанская адысея : аповесць / Аляксей Карпюк. Мінск, 1996. С. 5-362.
    Пабуджаныя : раман / Генрых Далідовіч ; [мастак Уладзімір Лукашык]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. - 567 с., [4] л. іл.
    Свой дом : раман / Генрых Далідовіч. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. - 351 с., [4] л. іл.
    Клич родных колоколов : роман-хроника / Генрих Далидович ; [перевод с белорусского Вл. Жиженко] // Нёман. 2000. № 4. С. 3-123; № 5/6. С. 11-120.
    На новы парог : аповесці / Генрых Далідовіч. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1983. - 272 с. : іл. - Змест: Дырэктар; На новы парог.
    Осенняя перекличка : повести / Генрих Далидович ; [авторизованный перевод с белорусского И. Киреенко]. - Москва : Советский писатель, 1981. - 344 с. - Содержание : Осенняя перекличка; Миланьки.
    Міланькі : аповесці / Генрых Далідовіч. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1980. - 351 с. - Змест: Міланькі; Завуч.
    Міг маладосці : апавяданні, аповесці ["Жывы покліч", "Юля"] / Генрых Далідовіч. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. - 439 с., 1 л. партр. - (Бібліятэка беларускай прозы).
    Маладыя гады : апавяданні, аповесць ["Жаночае сэрца"] / Генрых Далідовіч. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. - 255 с.
    Тепло на первоцвет : рассказы и повесть ["Юля"] / Генрих Далидович ; авторизованный перевод с белорусского А. Чесноковой ; [послесловие Н. Пашкевича]. - Москва : Молодая гвардия, 1978. - 336 с.
    Жар кахання : апавяданні пра жанчын / Генрых Далідовіч. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1996. - 350 с.
    Жар любви : рассказы о женщинах / Генрих Далидович ; [перевод с белорусского Глеба Артханова] // Нёман. 1995. № 9. С. 10-82.
    Житье-бытье / Генрих Далидович ; [перевод с белорусского Галины Шарангович] // Нёман. 1998. № 6. С. 7-52.
    Дажджы над вёскай : апавяданні / Генрых Далідовіч. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1974. - 157 с.
    Аплявуха : апавяданні / Генрых Далідовіч. - Мінск : Маркетынг, 1994. - 32 с. - (З сабой у дарогу).

В ы д а д з е н а  д л я  д з я ц е й

    Заходнікі : раман, аповесць ["Жывы покліч"], апавяданні : [для ст. школьнага ўзросту] / Генрых Далідовіч ; [прадмова Алеся Марціновіча]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1998. - 334 с. - (Школьная бібліятэка).
    Кліч роднага звона : раман-хроніка : [для ст. школьнага ўзросту] / Генрых Далідовіч ; [мастак А.Ю. Кажаноўскі]. - Мінск : Юнацтва, 2000. - 382 с.
    Десятый класс : рассказы и повести : [для ст. школьного возраста] / Генрих Далидович ; [авторизованный перевод с белорусского М. Немкевич и А. Чесноковой]. - Минск : Юнацтва, 1990. - 287 с. - Из содержания: Живой зов; Юля: повести. С. 171-286.
    Станаўленне : апавяданні і аповесць ["Жывы покліч"] : [для ст. школьнага ўзросту] / Генрых Далідовіч. - Мінск : Юнацтва, 1985. - 284 с.
    Ліст да Олі / Генрых Далідовіч // Казкі жыцця : зборнік беларускіх апавяданняў : [для мал. і сярэдняга школьнага ўзросту] / [укладальнік У.М. Цвяткоў]. Мінск, 2001. С. 214-228.

А б  ж ы ц ц і  і  т в о р ч а с ц і  п і с ь м е н н і к а

    Далідовіч Генрых Вацлававіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 19.
    Далідовіч Генрых Вацлававіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 198.
    Далідовіч Генрых Вацлававіч // Беларусь : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 260.
    Далідовіч Генрых Вацлававіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 263.
    Далідовіч Генрых // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / [пад рэдакцыяй А.В. Мальдзіса]. Мінск, 1993. Т. 2. С. 315-317.
    Генрых Далідовіч // Беларускія пісьменнікі (1917-1990) : даведнік / [складальнік А.К. Гардзіцкі]. Мінск, 1994. С. 169.
    Далідовіч, Г. "Не кладзіце нас на палічкі" : [гутарка] / Генрых Далідовіч ; гутарыла Наталля Кузьміч // Першацвет. 1999. № 2/3. С. 54-55.
    Генрых Далідовіч // Вобраз-89 : літаратурна-крытычныя артыкулы / [складальнік С. Лаўшук]. Мінск, 1989. С. 192-196.
    Адказы пісьменніка на пытанні, з якімі да яго звярнулася рэдкалегія зборніка.
    Бельскі, А.І. Покліч душы і памяці : (Генрых Далідовіч) / Алесь Бельскі // Краса і смутак : дапаможнік для настаўнікаў / Алесь Бельскі. Мінск, 2000. С. 86-95.
    Марціновіч, А.А. Сігнальныя агні сумлення / Алесь Марціновіч // Далучанасць : літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі, эсэ / Алесь Марціновіч. Мінск, 1990. С. 136-148.
    Андруковіч, А. Покліч душы і памяці : літаратурны партрэт Генрыха Далідовіча / Алесь Андруковіч // Роднае слова. 1996. № 6. С. 3-19.
    Марціновіч, А.А. Мець свой дом / Алесь Марціновіч // Сувязь : літаратурна-крытычныя артыкулы / Алесь Марціновіч. Мінск, 1994. С. 213-224.
    Пра раман "Гаспадар-камень".
    Дзюбайла, П.К. Сумленна пражыць жыццё : нататкі пра новыя беларускія раманы / Павел Дзюбайла // Панарама сучаснай беларускай прозы : літаратурна-крытычныя артыкулы / Павел Дзюбайла. Мінск, 1986. С. 150-167.
    Пра раман "Гаспадар-камень" гл. с. 151-158.
    Мельнікава, З. Водгалас эпохі катастроф / Зоя Мельнікава // Полымя. 2000. № 7. С. 200-211.
    Пра раман "Заходнікі".
    Мельнікава, З.П. Праблема "заходнікаў" і "ўсходнікаў" у творчасці Генрыха Далідовіча / З.П. Мельнікава // Чалавек. Этнас. Тэрыторыя. Праблемы развіцця заходняга рэгіёна Беларусі : матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Брэст, 23-24 красавіка 1998 г.). Брэст, 1998. Ч. 1. С. 154-160.
    Андраюк, С.А. Усё яшчэ наперадзе / Серафім Андраюк // А жыццё вышэй за ўсё : выбранае : літаратурна-крытычныя артыкулы. Нарыс творчасці / Серафім Андраюк. Мінск, 1992. С. 227-235.
    Пра Г. Далідовіча гл. таксама с. 55-56, 98-100.
    Тое ж / Серафім Андраюк // Жыць чалавекам : літаратурна-крытычныя артыкулы / Серафім Андраюк. Мінск, 1983. С. 256-263.
    Дзюбайла, П.К. Літаратура і традыцыйныя духоўныя каштоўнасці / П.К. Дзюбайла // У пошуках духоўных каштоўнасцей : беларуская проза сёння / П.К. Дзюбайла. Мінск, 1987. С. 14-59.
    Пра Г. Далідовіча гл. с. 15-25.
    Тычына, М.А. Змена квадры : літаратурна-крытычныя артыкулы / Міхась Тычына. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1983. - 204 с.
    Пра Г. Далідовіча гл. с. 124-125, 130-133, 155.
    Савік, Л.С. За бягучым днём / Л.С. Савік // Адчуванне часу : тэма вёскі ў сучаснай беларускай прозе / Л.С. Савік. Мінск, 1981. С. 111-182.
    Пра Г. Далідовіча гл. с. 159-166.
    Беларускія пісьменнікі-юбіляры 2001 : метадычныя парады да 55-годдзя з дня нараджэння Генрыха Далідовіча / Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна, навукова-метадычны аддзел ; [складальнік Балукова Н.У.]. - Мінск, 2001. - 17 с.
    Генрых Далідовіч : (50 год з дня нараджэння) : рэкамендацыйны бібліяграфічны спіс / Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна, аддзел беларускай і краязнаўчай літаратуры ; [складальнік Сакалова Я.Р.]. - Мінск : [б. в.], 1996. - 10 с. - (Пісьменнікі-землякі).