15 студзеня - 70 год з дня нараджэння (1936) Я. Сіпакова, паэта, празаіка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі

Янка Сіпакоў

    Пісьменнік шчодрага і шматграннага таленту, разнастайных творчых магчымасцей, Янка Сіпакоў вядомы ў беларускай літаратуры як паэт і празаік, перакладчык і нарысіст. Нарадзіўся ён на Аршаншчыне, у вёсцы Зубрэвічы. У час Вялікай Айчыннай вайны страціў бацькоў і рана далучыўся да працы. Працаваў паштальёнам, літсупрацоўнікам шклоўскай раённай газеты. Пасля вучобы ў БДУ ў 1960-1973 гг. працаваў у "Вожыку", амаль дваццаць год - у часопісе "Маладосць". З 1993 г. загадваў рэдакцыяй літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя". З 1997 г. працаваў у часопісе "Беларусь".

    Творчую дзейнасць Я. Сіпакоў пачаў як паэт. Свой першы верш надрукаваў у 1953 г. у аршанскай раённай газеце, а ў 1960 г. выйшаў яго першы паэтычны зборнік "Сонечны дождж". У ім шмат святла і сонца, шчырасці і дабрыні, юнацкай усхваляванасці і болю аб незабыўным, перажытым. Потым былі іншыя зборнікі: "Лірычны вырай" (1965), "Дзень" (1968), "З вясны ў лета" (1972). Лепшае з іх склала кнігу выбранай паэзіі "Вочы ў вочы" (1978), у якой паэт "вочы ў вочы" гаворыць з Радзімай і часам, з мінулым і сённяшнім днём, з роднай зямлёй і прыродай, з каханай і сябрамі. Лірыка Я. Сіпакова вызначаецца незвычайнай душэўнасцю, яна глыбока засяроджана на ўнутраным духоўным свеце чалавека. Адну з самых лірычных форм паэзіі - санет - паэт выкарыстаў для стварэння цыкла "Жанчына". Тэмы адказнасці чалавека за будучае планеты, чысціні і прыгажосці чалавечых узаемаадносін знайшлі адлюстраванне ў гэтым вянку санетаў.

    Разам з тым чыста лірычных вершаў у Я. Сіпакова мала. Ужо ў першых паэтычных зборніках у яго творчасці ўзнікае эпічная тэндэнцыя, якая неад'емна існуе побач з яго лірычнай стыхіяй. Вельмі многія вершы Сіпакова сюжэтна-падзейныя. Паэт надзвычай часта звяртаецца да гістарычнага мінулага, гістарычных асоб і калізій. З'явай у беларускай паэзіі стала кніга Я. Сіпакова "Веча славянскіх балад" (1973), адзначаная ў 1976 г. Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Купалы. Яе складаюць больш за пяцьдзесят балад, у якіх на гістарычных фактах і фальклорных крыніцах паэт узнаўляе радасныя і трагічныя моманты з гісторыі славянскіх народаў.

    Эпічны свет, які магутна і шматгалоса ўварваўся ў лірыку паэта, прывёў яго да прозы, прычым прозы таксама лірычнай. Як празаік Я. Сіпакоў пачаў з нарысаў "Акно, расчыненае ў зіму", "Па зялёную маланку", "Там, дзе Сібір", "Даверлівая зямля". У 1971 г. яны склалі асобную кнігу "Па зялёную маланку". Пасля былі кнігі прозы "Крыло цішыні", якая мела падзагаловак "Кніга вёскі" (1976), "Жанчына сярод мужчын" (1980), "Спадзяванне на радасць" (1983), "Журба ў стылі рэтра" (1990) і інш. Ад вясковай прозы, прасякнутай памяццю ваеннага і пасляваеннага часу (аповесці "Крыло цішыні" і "Усе мы з хат"), пісьменнік ідзе да важных праблем этычнага характару (аповесць "Жыві як хочацца"), праблем духоўнага жыцця як на вайне, так і ў мірны час (цыкл апавяданняў "Жанчына сярод мужчын"), набалелых пытанняў беларускага нацыянальнага быцця, Чарнобыля, лёса беларускай мовы ("Журба ў стылі рэтра"). Скіраванасцю да жахлівых трагедый века - землятрусу ў Арменіі і чарнобыльскай катастрофы - вызначаецца кніга паэм у прозе "Ахвярны двор" (1991).

    Цікавай падзеяй у літаратурным жыцці ХХ ст. стала кніга прытчаў Я. Сіпакова "Тыя, што ідуць" (1993), першая такога плана ў нашай літаратуры. Тры дзесяткі прытчаў, аб'яднаныя ў ёй, - творы неабмежаваныя ў прасторы і часе. У іх ужываюцца, пераплятаюцца і ўзаемадзейнічаюць рэальнае і нерэальнае, жыццёвае і прывіднае. Аўтар разважае аб жыцці і смерці, аб тым, што гора і радасць заўсёды побач, што там, дзе плачуць, там, зразумела, не смяюцца, а дзе смяюцца, там можна часам і паплакаць. Праз новыя арыгінальныя формы імкнецца пісьменнік выказаць набалелае. Прытчы Сіпакова вызначаюцца не дыдактызмам і празмернай павучальнасцю, што звычайна ўласціва гэтаму жанру, а глыбокай філасофскай насычанасцю. Яны сімвалічны па сваёй сутнасці.

    Я. Сіпакоў - таксама аўтар фантастычна-прыгодніцкай аповесці "Блуканне па іншасвеце" (1994), цыклаў мініяцюр, гістарычных апавяданняў, зборнікаў гумарэсак "Лысы юбілей" (1965), "Плюс на мінус" (1973) і "Ланцугі для мух" (1980), "Пятніца ў суботу" (1988). Ён пераклаў на беларускую мову асобныя творы А.С. Пушкіна, А. Блока, Т. Шаўчэнкі, В. Хлебнікава, Э. Межэлайціса. Яго пераклады Уолта Уітмена і Хо Шы Міна спецыялісты адносяць да найбольш адпаведных духу і літары арыгінала, глыбокіх і паэтычных. У 1997 г. пісьменнік атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь.

Т в о р ы  Я. С і п а к о в а

П а э з і я,  п р о з а,  н а р ы с ы

    Выбраныя творы : у 2 т. / Янка Сіпакоў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1995.
Т. 1 : Паэзія / прадмова Любові Ламекі. - 431 с.
Т. 2 : Проза. - 415 с.
У першы том увайшлі вершы з кніг "Сонечны дождж", "Лірычны вырай", "Дзень", "У поўдзень, да вады", "Усміхніся мне", "Веча славянскіх балад", "Ахвярны двор". Другі том склалі прытчы і метафары, аповесць "Кулак", апавяданні і выбраныя мініяцюры.
    Сад людзей : выбраныя творы : у 2 т. / Янка Сіпакоў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1985.
Т. 1 : Лірычная проза, аповесці ["Крыло цішыні", "Усе мы з хат"] / [аўтар прадмовы Серафім Андраюк]. - 510 с.
Т. 2 : Аповесці ["Пыл пад нагамі", "Жыві як хочацца"], апавяданні. - 542 с.
    Тыя, што ідуць : кніга прытчаў / Янка Сіпакоў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 175 с. : іл.
    Журба ў стылі рэтра : кніга прозы : [апавяданні, роздумы] / Янка Сіпакоў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. - 311 с.
    Спадзяванне на радасць : апавяданні, эсэ / Янка Сіпакоў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1983. - 247 с.
    Усе мы з хат : аповесці / Янка Сіпакоў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. - 439 с. , 1 л. партр. - Змест: Крыло цішыні; Усе мы з хат; Пыл пад нагамі.
    Жанчына сярод мужчын : апавяданні і аповесці / Янка Сіпакоў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1980. - 430 с. , [4] л. іл.
Увайшлі аповесці "Жыві як хочацца" і "Пыл пад нагамі".
    Купала - Левки, Зубревичи… / Янка Сипаков ; перевод с белорусского Миколы Вича // Нёман. 1998. № 7. С. 209-228.
    Нашы хаты : эсэ / Янка Сіпакоў // Полымя. 2005. № 4. С. 170-175.
    Сады : эсэ / Янка Сіпакоў // Маладосць. 1996. № 1. С. 149-170.

Т в о р ы  д л я  д з я ц е й

    Вецер на даху вагона : апавяданні, эсэ : [для сярэдняга і ст. школьнага ўзросту] / Янка Сіпакоў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. - 262 с.
    Жыві як хочацца : аповесці : [для сярэдняга і ст. школьнага ўзросту] / Янка Сіпакоў. - Мінск : Беларуская навука, 2000. - 368 с., 1 л. партр. - (Школьная бібліятэка).
Уключаны аповесці "Усе мы з хат", "Кулак", "Жыві як хочацца".
    Веча славянскіх балад : [для сярэдняга і ст. школьнага ўзросту] / Янка Сіпакоў. - Мінск : Беларуская навука, 1998. - 303 с., 1 л. партр. - (Школьная бібліятэка).
    Падары нам дрэва : аповесць ["Блуканне па іншасвеце"]. Прытчы і метафары : [для сярэдняга і ст. школьнага ўзросту] / Янка Сіпакоў. - Мінск : Юнацтва, 1997. - 239 с. : іл. - (Бібліятэка прыгод і фантастыкі).
    Пяць струн : кніга настрояў : [апавяданні, вершы ў прозе, гумар і сатыра] : [для ст. школьнага ўзросту] / Янка Сіпакоў. - Мінск : Юнацтва, 1984. - 287 с. : іл.

А б  ж ы ц ц і  і  т в о р ч а с ц і  п і с ь м е н н і к а

    Сіпакоў Янка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 411.
    Сіпакоў Янка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 303.
    Сіпакоў Янка // Беларусь : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 661.
    Сіпакоў Янка // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад рэдакцыяй А.В. Мальдзіса. Мінск, 1995. Т. 5. С. 319-326.
    Янка Сіпакоў // Беларускія пісьменнікі (1917-1990) : даведнік / [складальнік А.К. Гардзіцкі]. Мінск, 1994. С. 497.
    Сіпакоў Янка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 736-737.
    Сіпакоў Янка // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэдакцыяй А.Я. Міхневіча. Мінск, 1994. С. 488.
    Сіпакоў, Я. Дні за спіною / Янка Сіпакоў // Маладосць. 1997. № 10. С. 136-181.
    То же : на русском языке / перевод с белорусского Вл. Машкова // Нёман. 1997. № 11. С. 36-76.
Аўтабіяграфічныя ўспаміны.
    Санюк, Д.К. Янка Сіпакоў / [Санюк Д.К.] // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : у 4 т. / [навуковыя рэдактары : У.В. Гніламёдаў, С.С. Лаўшук]. Мінск, 2002. Т. 4, кн. 1. С. 675-692.
    Андраюк, С.А. Даверлівы талент : Янка Сіпакоў / Серафім Андраюк // Пісьменнікі. Кнігі : літаратурна-крытычныя артыкулы / Серафім Андраюк. Мінск, 1997. С. 219-229.
    Русецкі, А.У. Бачыць чалавека : (Янка Сіпакоў) / Аркадзь Русецкі // Ісці да чалавека : літаратурныя партрэты / Аркадзь Русецкі. Мінск, 1987. С. 162-226.
    Янка Сіпакоў : [матэрыялы аб жыцці і творчасці] / Людміла Рублеўская, Міхась Тычына, Васіль Жуковіч [і інш.] // Крыніца. 1997. № 5. С. 66-89.
    Савік, Л. Усе мы з хат / Лідзія Савік // Голас Радзімы. 1996. 15 лют. (№ 7). С. 1, 6.
Пра творчы лёс пісьменніка.
    Давідоўская, Л. Янка Сіпакоў / Людміла Давідоўская // Роднае слова. 2004. № 7. С. 100-102. (Лаўрэаты Купалаўскіх прэмій).
    Гоўзіч, І. Максім Гарэцкі і Янка Сіпакоў : да праблемы стылёвага падабенства / Ірына Гоўзіч // Роднае слова. 2003. № 2. С. 16-19.
    Гоўзіч, І. Насустрач святлу : праблема прасвятлення народа ў творчасці Янкі Купалы і Янкі Сіпакова / Ірына Гоўзіч // Роднае слова. 2003. № 7. С. 17-21.
    Шпакоўскі, І.С. Пераадоленне. Пошук выхаду са стылявога тупіка ў Янкі Сіпакова, Рыгора Барадуліна, Васіля Зуёнка / [І.С. Шпакоўскі] // Беларуская літаратура ХХ ст. : вучэбны дапаможнік / М.І. Мішчанчук, І.С. Шпакоўскі. Мінск, 2001. С. 297-314.
    Гоўзіч, І.М. Элегія ў творчасці Янкі Сіпакова / І.М. Гоўзіч // Веснік Віцебскага дзяржаўнага універсітэта. 2002. № 3. С. 88-94.
    Корань, Л. У іншасвеце : прытчы Янкі Сіпакова / Людміла Корань // Цукровы пеўнік : літаратурна-крытычныя артыкулы / Людміла Корань. Мінск, 1996. С. 233-240.
    Мішчанчук, М.І. Балада і яе разнавіднасці / М.І. Мішчанчук // Ёсць у паэта свой аблог цалінны / М.І. Мішчанчук. Мінск, 1992. С. 68-110.
Значная частка раздзела прысвечана баладам Я. Сіпакова.
    Марціновіч, А.А. Пад знакам дабраты / А.А. Марціновіч // Шляхам праўды : выбраныя старонкі беларускай літаратуры ў святле сённяшняга дня : літаратурна-крытычныя артыкулы / А.А. Марціновіч. Мінск, 1994. С. 212-229.
Пра набыткі Я. Сіпакова ў галіне паэзіі, нарысаў, прозы.
    Бараноўская, Л. Сэнсавая аб'ёмнасць паэмы "Одзіум" Янкі Сіпакова / Любоў Бараноўская // Роднае слова. 2003. № 12. С. 21-22.
    Ігнацёнак, А. Не можа быць чорнага колеру ў сонца : ідэя сонца ў пейзажах [вершах] Янкі Сіпакова / Алена Ігнацёнак // Мастацтва. 1996. № 10. С. 22-25.
    Саламаха, У. Закон раўнавагі Янкі Сіпакова / Уладзімір Саламаха // ЛіМ. 2003. 24 студз. (№ 4). С. 4-5.
Пра нарыс "Акно, расчыненае ў зіму" (увайшоў у зборнік "Па зялёную маланку".
    Лойка, А.А. Памераўшы на крылы акіян / Алег Лойка // Паэзія і час : літаратурна-крытычныя артыкулы, творчыя партрэты / Алег Лойка. Мінск, 1981. С. 166-173.
Пра кнігу "Дзень".
    Кавалёў, С.В. Спакушэнне агнём / Сяргей Кавалёў // Партрэт шкла : літаратурна-крытычныя артыкулы. Мінск, 1991. С. 120-130.
Пра кнігу "Усміхніся мне".