25 кастрычніка - 70 год з дня нараджэння В.Ц. Турава (1936-1996), кінарэжысёра, народнага артыста Беларусі і СССР

Тураў Віктар Цімафеевіч

    У 1995 г. адзначалася 100-годдзе сусветнай кінематаграфіі. З нагоды гэтай падзеі ЮНЕСКА стварыла ганаровы камітэт па яе святкаванню, у які было адабрана 50 вядомых кінематаграфістаў свету. Сярод іх быў і наш зямляк, ураджэнец Магілёва В.Ц. Тураў, выдатны рэжысёр-пастаноўшчык, народны артыст Беларусі і СССР, прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў, акадэмік Сусветнай акадэміі славянскага мастацтва, выбранне куды было вельмі высокай ацэнкай яго творчасці і прафесіяналізму. Імя В. Турава назаўсёды застанецца ў гісторыі сусветнага кіно, як адно з пяцідзесяці лепшых.

    На долю В. Турава выпала цяжкае дзяцінства. Яму не было і пяці год, як пачалася вайна, якая ўвайшла ў свядомасць хлопчыка страшэннымі бамбёжкамі, расстрэлам бацькі, змрочным жыццём у сямейным канцлагеры пад Аахенам. Ён нічога не забыў пра вайну і зрабіў усё, каб яе запомнілі тыя, хто нарадзіўся пасля Перамогі. Запомнілі праз яго фільмы, таму што яшчэ студэнтам Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ён ведаў, аб чым хоча здымаць кіно.

    Раннія стужкі В. Турава - "Зорка на спражцы" (1962, фільм "Маленькія летуценнікі"), "Праз могілкі" (1964, паводле П. Ніліна), "Я родам з дзяцінства" (1966), дылогія "Партызаны" (фільмы "Вайна пад стрэхамі", 1967, "Сыны ідуць у бой", 1969, паводле раманаў А. Адамовіча) - адзіны лірычны маналог аб лёсе "падранкаў", апаленых і загартаваных вайной. У 1994 г. фільм "Праз могілкі" рашэннем ЮНЕСКА быў уключаны ў лік 100 найбольш значных фільмаў свету. Ваенная тэма атрымала ў творчасці рэжысёра свой працяг у фільме "Пераправа" (1987) - пра сумесную савецка-польскую барацьбу з фашыстамі ў 1944 г., узаемадзеянне савецкіх партызан з атрадамі Арміі Людовай. Стужка была знята сумесна студыяй "Беларусьфільм" і кінааб'яднаннем у Варшаве.

    Актыўнай грамадзянскай пазіцыяй вызначаюцца карціны В. Турава "Час яе сыноў" (1974), "Пункт адліку" (1979), "Меншы сярод братоў" (1985), у якіх адлюстравана тэма сувязі ваеннага і пасляваеннага пакаленняў. Звяртаўся кінарэжысёр і да рускай класікі. Яго тэлефільм "Жыццё і смерць двараніна Чартапханава" (1971) створаны па апавяданнях І. Тургенева. Вялікую ролю ў творчасці В. Турава адыграла беларуская літаратура. Як першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі (1976-1981), а затым мастацкі кіраўнік творчай студыі Ю.В. Тарыча, намеснік дырэктара "Беларусьфільма" па творчай рабоце ён прыцягваў да работы ў кіно беларускіх пісьменнікаў, сам звяртаўся да іх твораў. У пачатку 1980-х гг. Тураў стварыў кінацыкл паводле трылогіі І. Мележа "Палеская хроніка" - два фільмы па дзве серыі: "Людзі на балоце" (1981) і "Подых навальніцы" (1982). У творчасці кінарэжысёра фільмы па Мележу былі вяршыннымі. Следам за пісьменнікам Тураў у гэтых фільмах перадаў не экзотыку Палесся, а паказаў жыццё людзей, дастойных павагі, працавітых, сумленных; жыццё ва ўсёй яго паўнаце - са страсцямі, бедамі, нягодамі, каханнем і пакутамі. Першы фільм кінахронікі "Людзі на балоце" быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР 1984, прызамі на Усесаюзным (1982) і міжнародных кінафестывалях (1982, 1983). На тым жа матэрыяле кінарэжысёрам быў створаны і тэлесерыял з васьмі фільмаў пад агульнай назвай "Людзі на балоце. Палеская хроніка". Актуальным праблемам сучаснасці прысвечаны фільмы В. Турава "Уваскрэсная ноч" (1976, паводле А. Петрашкевіча), "Высокая кроў" (1990). У 1993 г. ён зняў фільм "Чорны бусел" па аповесці В. Казько "Выратуй і памілуй нас, чорны бусел". Боль за людзей, якія жывуць на зямлі, забруджанай радыяцыяй, вера ў выратаванне - галоўнае ў гэтай карціне, якая атрымала прыз Міжнароднага кінафестывалю фільмаў славянскіх і праваслаўных народаў "Залаты Віцязь".

    Апошняй пастаноўкай В. Турава стала карціна "Шляхціц Завальня…" (1994, паводле Я. Баршчэўскага). У гэтым творы на экране ажыла даўняя гісторыя народа, краю, адкуль, па словах самога рэжысёра, " усе мы родам".

    За фільмы "Высокая кроў", "Чорны бусел" і "Шляхціц Завальня…" і шматгадовы ўклад у развіццё беларускага кінематографа В.Ц. Тураў быў пасмяротна ўдастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1996.

    Тураў Віктар Цімафеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 16. С. 36.
    Тураў Віктар Цімафеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 540.
    Тураў Віктар Цімафеевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 287-288.
    Тураў Віктар Цімафеевіч // Беларусь : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 708.
    Бондарева, Е.Л. От сердца - к сердцу : страницы жизни и творчества народного артиста СССР и БССР кинорежиссера Виктора Турова / Е.Л. Бондарева. - Минск : Мастацкая літаратура, 2001. - 158 с., [8] л. фот. - Фильмография : с. 149-157.
    Павлючик, Л.В. От исповеди к эпосу : судьба и фильмы Виктора Турова / Л. Павлючик. - Москва : Союз кинематографистов СССР, 1985. - 112 с. : фот.
    Бондарева, Е. Художник и Родина : о главной теме творчества кинорежиссера Виктора Турова / Ефросинья Бондарева // Беларуская думка. 1997. № 10. С. 136-142.
    Бондарава, Е. Ад чаго расце душа / Ефрасіння Бондарава // Мастацтва. 2001. № 10. С. 25-30.
    Творчы партрэт кінарэжысёра.
    Бондарева, Е. "Иной судьбы я не желал…" / Ефросинья Бондарева // Нёман. 2001. № 12. С. 160-185.
    Ратнікаў, Г.В. Лірычны эпас В. Турава / [Г.В. Ратнікаў] // Гісторыя кінамастацтва Беларусі : у 4 т. Мінск, 2002. Т. 2 : 1960-1985 гг. / Г.В. Ратнікаў, А.А. Карпілава, А.В. Красінскі. С. 66-114.
    Все белорусские фильмы : каталог-справочник. Т. 2. Игровое кино (1971-1983) / НАН Беларуси, Институт искусствоведения, этнографии и фольклора; [авторы-составители : Игорь Авдеев, Лариса Зайцева]. - Минск : Беларуская навука, 2000. - 299 с. : фот.
    О фильмах В. Турова "Жизнь и смерть дворянина Чертопханова", "Горя бояться - счастья не видать", "Время ее сыновей", "Воскресная ночь", "Точка отсчета", "Люди на болоте, "Апейка", "Дыхание грозы" см. соответственно с. 10-13, 56-57, 74-77, 118-120, 195-197, 235-239, 249, 254-257.
    Бондарава, Е.Л. Кінематограф і літаратура : творы беларускіх пісьменнікаў на экране / Е.Л. Бондарава. - Мінск : Універсітэцкае, 1993. - 175 с. : фат.
    Гл. главу "І край, і людзі, сэрцу любыя (героі "Палескай хронікі" перад кінааб'ектывам)", а таксама с. 27-30, 50-68.
    Павлючик, Л.В. Время в зеркале экрана / Л.В. Павлючик. - Минск : Университетское, 1986. - 79 с.
    О фильмах В. Турова "Люди на болоте", "Дыхание грозы", "Время ее сыновей" см. с. 19-25, 56-58.
    Экран и культура : белорусское кино и телевидение в системе художественной культуры / АН БССР, Институт искусствоведения, этнографии и фольклора ; [А.В. Красинский и др.]. - Минск : Наука и техника, 1988. - 255 с.
    О творчестве В. Турова см. на с. 154-157, 188-191.
    Кузьміч, А. Партрэт народнага артыста СССР, кінарэжысёра В.Ц. Турава, 1988 [Выяўленчы матэрыял] : [рэпрадукцыя] / Аляксей Кузьміч // Аляксей Кузьміч [Выяўленчы матэрыял] : [альбом] / П.І. Сабіна. Мінск, 1995. С. [106].