|
|
Да прадстаўнікоў так званай інтэлектуальнай, філасофскай паэзіі другой паловы XX ст. належыць таленавіты беларускі паэт А. Вярцінскі, які ўсёй сваёй творчасцю вучыць чытачоў чалавечнасці, высокамаральнаму і сумленнаму стаўленню да жыцця.
Нарадзіўся А. Вярцінскі на Віцебшчыне, у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці, якая цяпер засталася толькі ў паэтычных асацыяцыях. Скончыў БДУ. Працаваў у рэдакцыях раённых газет, быў рэдактарам газеты "Літаратура і Мастацтва", сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Займаўся грамадскай дзейнасцю на працягу шасці год (з 1990 па 1996), выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.
Журналіст па адукацыі, А. Вярцінскі вядомы як публіцыст, драматург, крытык і перакладчык. Але ў літаратуру ён прыйшоў найперш паэтам і дасягнуў найбольш як паэт, хоць Дзяржаўнай прэміяй Беларусі 1988 ушанаваны за публіцыстычныя нататкі "Нью-йоркская сірэна".
Першым паэтычным зборнікам А. Вярцінскага стала кніга "Песня пра хлеб" (1962). У ёй не было твораў з мудрагелістымі сюжэтамі і вобразамі, а апавядалася пра вясковае і студэнцкае жыццё, мінулую вайну. Каларытна напісана змешчаная ў гэтым зборніку аднайменная паэма, у якой паэтызуецца праца хлебароба, сялянскі побыт, духоўная прыгажосць працоўнага чалавека. Крытыка прыхільна сустрэла кнігу і назвала паэта традыцыяналістам.
Зусім іншага накірунку былі яго наступныя кнігі - "Тры цішыні" (1966), "Чалавечы знак" (1968), "З'яўленне" (1975), "Час першых зорак" (1976), "Ветрана" (1979). Іх характарызуюць напружаны інтэлектуальны пошук, філасофскае даследаванне маральна-этычных праблем, выразная скіраванасць у духоўную сферу, арыентаванасць на вырашэнне духоўных канфліктаў з пазіцый дабра, актыўнага гуманізму. З гадамі ў паэта ўзрастае цяга да ўмоўнасці, у сваёй творчасці ён выкарыстоўвае духоўны вопыт біблейскіх прытчаў, старажытных міфаў, філасофскіх канцэпцый. Творчасць паэта скіравана на "вечныя" каштоўнасці чалавечага жыцця, сярод якіх не апошняе месца займае каханне. З глыбокім разуменнем жаночага характару піша ён пра гэта галоўнае пачуццё чалавека (вершы "Мною забыта нямала…", "Сведчылі месяц, ноч і я…", "Я жыў высока на гары…", "Любая, гэта - не здрада…", "Рэквіем на загубленых любовях" і інш.). Любоў для А. Вярцінскага - катэгорыя філасофская, яна вызначае ўнутраную сутнасць і духоўную цэласнасць асобы і трымаецца найперш на бязмежнай самаахвярнасці маці. Сыноўнім гімнам, маналогам вялікай паэтычнай сілы гучыць яго паэма "Заазер'е" (1968), у якой шчымлівымі згадкамі дзяцінства, успамінамі пра свае ўжо сталыя гады, паэт стварае вобраз самага дарагога чалавека на зямлі. Тэму маці працягвае ён у паэме "Дажынкі" (1968), у якой узнімае праблему ўвагі і павагі да жанчыны-працаўніцы. Маці прысвяціў ён і прачулыя радкі вершаў "Мы жывем, каб вярнуцца", "Замест эпітафіі", "А я і не ведаў", "Дзень добры, мама", цыкл вершаў "Спі, родная". Ёсць у творчасці паэта вершы, прысвечаныя ваеннай тэме, ёсць вершы чыста лірычныя і публіцыстычныя. Тэма адказнасці за лёс планеты, за захаванне гармоніі паміж чалавекам і прыродай гучыць у паэме "Начны бераг" (1972).
У сваёй творчасці А. Вярцінскі імкнецца да асваення розных жанраў паэзіі. Ён піша оды, байкі, вершы-прысвячэнні, набліжае свае вершы да зарыфмаванай сказавай формы і нават стварае новы жанр - проза паэзіі, для якога характэрны свабодны пераход ад вершаванай да празаічнай мовы ("Яблыня ў горадзе", "Ствараецца новая казка…", "Ода магчымасцям мірнага жыцця…").
Значных поспехаў дасягнуў А. Вярцінскі ў драматургіі. Яго п'есы-казкі для дзяцей "Дзякуй, вялікі дзякуй!", "Скажы сваё імя, салдат", "Гефест - друг Праметэя" з поспехам ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў. Вядомы А. Вярцінскі і як аўтар публіцыстычных і літаратурна-крытычных твораў (зборнікі "Высокае неба ідэала", "Нью-йоркская сірэна"). Перакладаў на беларускую мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рускай, украінскай, балгарскай, польскай, літоўскай, венгерскай паэзіі, п'есы Лопэ дэ Вэгі, М. Себасцьяна, В. Пальчынскайтэ.