|
|
Тамаш Зан - чалавек найцікавейшага лёсу. Паэт-рамантык, вучоны-натураліст, заснавальнік і кіраўнік першых рэвалюцыйных арганізацый на Беларусі і Літве, ён быў яркай зоркай на небасхіле беларускага грамадскага жыцця першай паловы XIX стагоддзя.
Нарадзіўся Т. Зан у в. Мясата Маладзечанскага раёна ў беларускай шляхецкай сям'і. Дзяцінства яго прайшло ў Вязыні, дзе працаваў аканомам бацька (удзельнік паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі). Пасля навучання ў Мінскай гімназіі і Маладзечанскай павятовай школе Т. Зан паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта і адначасова займаўся на літаратурным факультэце. Захаваліся дакументы аб выдачы Т. Зану дыплома магістэрскай ступені па філасофіі, які ён не паспеў атрымаць з-за арышту. Чалавек надзвычайнай сілы волі і душэўнай чысціні, Зан карыстаўся вялікай павагай сярод студэнтаў і выкладчыкаў, быў кумірам моладзі. Ужо ў першы год навучання ён стаў членам так званага Таварыства шасці, у якое ўваходзілі студэнты-мінчукі. Т. Зан быў адным са стваральнікаў таварыства філаматаў, якое стала ядром усіх іншых прагрэсіўных арганізацый на Беларусі. Філаматы (у іх ліку былі А. Міцкевіч, А. Петрашкевіч, Ю. Яжоўскі, Ф. Малеўскі) рыхтаваліся да нацыянальна-вызваленчай барацьбы, распрацоўвалі праграму, важным пунктам якой было патрабаванне нацыянальнай незалежнасці народаў і знішчэнне прыгоннага ўціску сялян. Т. Зан кіраваў таксама больш шырокім і разгалінаваным згуртаваннем моладзі - Таварыствам "прамяністых". Гэта была легальная арганізацыя, якая неўзабаве ператварылася ў тайную пад назвай Таварыства філарэтаў (сяброў дабрачыннасці). Галоўнай мэтай свайго жыцця Т. Зан лічыў падрыхтоўку моладзі да рашучай бітвы з царскім самаўладдзем за вызваленне роднай Беларусі ад дэспатызму. Сапраўдную мужнасць і высакароднасць праявіў Зан на працэсе над філаматамі і філарэтамі, акі адбыўся ў 1823-1824 гг. у Вільні. Каб выратаваць сваіх сяброў па арганізацыі, ён усю віну за яе дзейнасць узяў на сябе. Гэта падкрэсліў і А. Міцкевіч, малюючы ў сваёй славутай паэме "Дзяды" прывабны вобраз Тамаша Зана, прычым пад яго ж уласным імем. Вось якія словы ўкладае вялікі паэт у вусны Тамаша:
Т. Зан атрымаў самае суровае пакаранне: цэлы год турэмнага зняволення ў крэпасці на Урале і бестэрміновае пасяленне там разам з двума іншымі "злачынцамі" Янам Чачотам і Адамам Сузіным. Але турма і ссылка не зламалі "найпрамяністага". Ён аб'ездзіў Урал, Прыўралле, Тургайскі стэп; займаўся даследаваннем нетраў, флоры і фауны; знайшоў каля Самары нафту, каля Троіцкай крэпасці - медную руду, у Зауральскім стэпе - багатыя паклады золата, стварыў мінералагічны музей у Арэнбургу. У 1837 г. Т. Зану было дазволена пераехаць у Пецярбург, дзе ён працаваў бібліятэкарам у Горным інстытуце. У 1841 г. былы кіраўнік філарэтаў вярнуўся на радзіму. Неўзабаве ён набыў маёнтак Кахачын каля Оршы, дзе пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю.
Тамаш Зан заслужыў пашану не толькі як змагар супраць царскай тыраніі. Вялікая яго роля ў нараджэнні на Беларусі новага прагрэсіўнага літаратурнага напрамку - рэвалюцыйнага рамантызму. Ён быў у ліку першых, хто звярнуў увагу на народную паэзію, вуснапаэтычную творчасць беларускага народа як на новую, прынцыпова важную крыніцу абнаўлення літаратуры. Прыклад выкарыстання беларускага фальклору Т. Зан падаў ужо у студэнцкай камедыі "Грэцкія піражкі". Матывы і вобразы народнай творчасці беларусаў нельга не заўважыць і ў яго паэме "Табакерка", у баладах "Цыганка", "Свіцязь-возера". Як справядліва адзначае вядомы беларускі пісьменнік К. Цвірка, які плённа займаецца вывучэннем творчасці Т. Зана, яго як прадстаўніка беларускай спольшчанай шляхты трэба з поўным правам аднесці да пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння.