11 верасня ў галерэі "Лабірынт" адбылася прэм'ера экспазіцыі "Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Вехі гісторыі", прымеркаванай да 85-годдзя вядучай бібліятэкі краіны.
Экспазіцыю адкрылі намеснік міністра культуры В.К. Гедройц і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Р.С. Матульскі. На яе адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлегенцыі, былыя супрацоўнікі бібліятэкі, вядучыя СМІ. Сярод прысутных асабліва вылучаліся ветэраны бібліятэкі, чыя адданая праца стала трывалым падмуркам для далейшага развіцця НББ. У адрас гэтых людзей прагучалі самыя цёплыя словы.
Экспазіцыя размяшчаецца ў Музеі кнігі і паказвае асноўныя этапы станаўлення і развіцця бібліятэкі, пераемнасць традыцый, закладзеных некалькімі пакаленнямі беларускіх навукоўцаў, бібліятэкараў, бібліёграфаў.
Адначасова з экспазіцыяй "Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Вехі гісторыі" была прадстаўлена кніжная выстаўка "Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў сусветнай інфармацыйнай прасторы". На выстаўцы наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з багатай гісторыяй развіцця бібліятэкі, адлюстраванай у нацыянальных і замежных СМІ.