National Library of Belarus (Национальная библиотека Беларуси)

Рэспубліканская выстаўка "Кветкавы рай"

У сумныя, змрочныя зімовыя дні так не хапае сонечнага святла і радасці, якую нам дорыць хараство зялёнай лістоты і кветак. Кветкі такія разнастайныя, такія непадобныя нікога не пакідаюць раўнадушнымі. Нездарма самае прыгожае, дарагое і лепшае ў жыцці называюць кветкамі -- каханых, дзяцей… Здаўна існавала нават мова кветак, праз якую закаханыя выказвалі свае пачуцці і думкі.

Чалавек і кветкі са старажытнасці звязаны паміж сабой. Магчыма, гэта абумоўлена тым, што жыццё чалавека падобна на існаванне гэтага цуду прыроды. Нездарма кветкі спадарожнічаюць чалавеку ў самыя важныя і ўрачыстыя моманты яго жыцця: нараджэнне і шлюб.

Рэспубліканская выстаўка "Кветкавы рай", якая праводзіцца ў трох галерэях Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ("Лабірынт", "Атрыум", "Ракурс"), дае магчымасць гледачу адчуць паўнату ўражанняў яснага летняга дня, дакрануцца да вечнай прыгажосці і прыроды, і мастацтва. У выстаўцы прынялі ўдзел больш за 60 аўтараў з Мінска, Віцебска, Брэста, Гомеля, а таксама з Арменіі і Сербіі. Прадстаўленыя творы, а іх больш за 150, перадаюць самыя шчырыя ўражанні мастакоў, самыя цёплыя пачуцці і глыбокія эмацыянальныя перажыванні. Гэта дасягнута ў тым ліку і дзякуючы таму, што на вернісажы прадстаўлены творы ў разнастайных тэхніках і відах мастацтва (жывапіс, акварэль, фатаграфія, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва). Пераважнай большасцю мастакі прадставілі творы ў рэалістычным духу, давяраючы прыродзе стварэнне эталона прыгажосці, а самі надалі толькі ўласнае бачанне і аўтарскі каларыт.

Арганізатары гэтай выстаўкі імкнуліся зрабіць сонечны падарунак гледачам і ўсім закаханым напярэдадні Дня святога Валянціна.