14 верасня 2007 года з нагоды 85-гадовага юбілею Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшлі святочныя мерапрыемствы, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі розных дзяржаўных устаноў і ведамстваў, міжнародных арганізацый, госці з далёкага і блізкага замежжа, сярод якіх былі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь І.В. Вельджанаў і пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь І.Д. Ліхавой.

     Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі А.М. Косінец ад імя кіраўніка дзяржавы А.Г. Лукашэнкі зачытаў прывітальныя словы ў адрас калектыву НББ і павіншаваў усіх са святам. Віншавальныя тэлеграмы ўдзельнікам свята адрасавалі таксама Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.М. Канаплёў, кіраўніцтва СНД, Міністэрства культуры і турызму Украіны, Федэральнае агенцтва па культуры і кінематаграфіі, прадстаўнікі краін блізкага і далёкага замежжа - Арменіі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Расіі, Узбекістана, Францыі і іншых.

     На ўрачыстым святкаванні выступіў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Р.С. Матульскі. Ён узгадаў асноўныя этапы гісторыі станаўлення і развіцця Бібліятэкі, падкрэсліў ролю сваіх папярэднікаў, адданая праца і прафесіяналізм якіх у значнай ступені вызначылі далейшы лёс НББ. Р.С. Матульскі выказаў словы падзякі вышэйшаму кіраўніцтву краіны, вучоным, архітэктарам, будаўнікам - усім тым, без каго немагчымым было б узвядзенне новага сучаснага інфармацыйнага, культурна-грамадскага і навуковага цэнтра рэспублікі. Ад імя Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі супрацоўнікі Бібліятэкі атрымалі ганаровыя граматы і ўзнагароды.

     Як адзначылі ўдзельнікі і госці мерапрыемства, НББ захоўвае і пашырае творчыя набыткі нацыі, яна знаходзіцца ў авангардзе развіцця бібліятэчнай справы XXI стагоддзя, з'яўляецца аб'ектам сусветнага ўзроўню, адной з найбольш знакавых і яркіх старонак у гісторыі нашай краіны. У ёй адлюстраваны не толькі інфармацыйныя, інтэлектуальныя рэсурсы Беларусі, але і агульны грамадскі ўзровень яе развіцця.

     Святочныя мерапрыемствы былі завершаны канцэртнай праграмай з удзелам папулярных эстрадных выканаўцаў, салістаў оперы, харэаграфічных калектываў. Сапраўдную музычна-танцавальную феерыю стварылі на сцэне канферэнц-залы НББ ансамбль танца "Весялушкі", ансамбль народнай музыкі "Грамніцы" і ансамбль акардэаністаў "Туцці" (Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў), ансамбль салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі "Камерата".