З 21 сакавіка па 10 красавіка 2007 г. у зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць кніжная выстаўка "Праблемы часу - трывогі сэрца", прысвечаная 60-годдзю Алеся Жука, беларускага пісьменніка і перакладчыка, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978), Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1982), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1992).

    Сёння Алесь Жук - адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў. Яго творчасць прасякнута глыбокай праўдай жыцця і пазначана сапраўдным талентам. Галоўная тэма яго прозы - сучаснасць ва ўсіх яе праяўленнях.

    На выстаўцы экспануюцца творы аўтара і літаратура пра яго жыцце і творчасць. Літаратурная спадчына А. Жука прадстаўлена выбранымі творамі ў 2-х тамах (1993-1994 гг.), зборнікамі аповесцей і апавяданняў: "Асеннія халады" (1972), "Паляванне на старых азёрах" (1975), "Зоркі над палігонам" (1977), "Паўстанак вяртання" (1981), "Паляванне на апошняга жураўля" (1982), "Праклятая любоў" (1991), "Вечаровае сонца" (2006) і інш. З асобных твораў А. Жука, напісаных у апошнія гады, вылучаюцца апавяданні "Душа над чыстым полем", "Партызан" і "Сны пра маму".

    Значнае месца ў экспазіцыі займаюць творы А. Жука ў перакладах на іншыя мовы, а таксама творы іншых аўтараў у перакладах А. Жука.

    Пра жыццё і творчасць А. Жука раскажуць публікацыі вядомых беларускіх пісьменнікаў і крытыкаў: У. Гніламёдава, Дз. Бугаёва, Т. Грамадчанкі, А. Станюты, І. Шаўляковай-Барзенкі і інш.


    Кантактны тэл. 2-93-27-16.