17 ліпеня 2007 г. у 17 гадзін у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё мастацкага праекта "Сеанс". Сутнасць гэтага праекта была раскрыта на вернісажы. Незвычайнае адкрыццё, свабоднае ад паўгадзінных прамоў і скіраванае на максімальнае ўспрыняцце гледачом сутнасці стварэння мастацкага твора, спрыялі разуменню "кухні мастака", далучэнню да таямніцы творчага працэса. Ужо традыцыяй на адкрыццях сталі перформансы. І на гэты раз не абышлося без дэманстрацыі перформанса пад кіраўніцтвам В. Дворнікавай. Высокая мастацкая культура, выразнасць рухаў была характэрна для пастаноўкі, якую прадставіў тэатр пантамімы "Ай" пад кіраўніцтвам Дз. Масцяніцы. Пластычная частка была гарманічна разбаўлена музычна-песеннымі папуры ў выкананні музыканта, паэта і кампазітара С. Пукста. Упершыню ў выставачнай дзейнасці вернісаж меў інтэрактыўны характар. Самыя актуальныя пытанні пра нараджэнне твора, пра станаўленне мастака як творцы і асобы былі зададзены народнаму мастаку Беларусі, СССР, правадзейнаму члену Расійскай акадэміі мастацтваў, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Георгію Паплаўскаму, заслужанаму дзеячу мастацтваў Уладзіміру Кожуху і мастаку, мастацтвазнаўцу, дацэнту Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўгену Шунейку. Адбылася і "хвіліна славы" для маладых, яшчэ мала вядомых шырокай публіцы творцаў - фотамастака Андрэя Дубініна, графіка Філіпа Басалыгі, жывапісца Івана Семілетава. Асаблівую цікавасць падчас асноўнай часткі адкрыцця выклікала бясплатная латарэя. Паміж наведвальнікамі мастацкага праекта разыграны 30 лотаў - творы такіх беларускіх мастакоў і фотамастакоў, як Л. Карнеева, У. Ісачанка, М. Байрачны, Н. Рачкоўская, Я. Шунейка, І. Семілетаў, А. Жарнасек, В. Калеснікава, Ф. Ястраб, В. Афанасьеў, В. Ціханаў…

     Прадаўжэннем адкрыцця сталі арт-студыі. "Фота-майстэрню" адкрылі фотамастакі Яўген Залужны і Віктар Журліцын. Паназіраць, як ствараецца твор жывапісу і прычыніцца да гэтай справы змаглі гледачы арт-студыі Віктара Ціханава. Карціна "Яблынька", якая стала вынікам калектыўнай працы будзе, дэманстравацца на мальберце ўвесь час работы выстаўкі. Усе жадаючыя таксама маглі стаць удзельнікамі стварэння "жывой карціны" з садавіны і гародніны, пасля чаго гэтая "карціна" дружна была ўжыта, набыўшы "новае мастацкае гучанне". Сапраўдная "кухня мастака" была адкрыта на выстаўцы маладой мастачкай Надзеяй Скарынкай, якая стварыла з садавіны і гародніны кампазіцыю "Шлях да дэкаданса". Вялікі ажыятаж сярод наведвальнікаў выклікала рысаванне з натуры. Партрэты ўсіх жадаючых стваралі Я. Шунейка, В. Афанасьеў і маладыя мастакі-графікі з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Спрадвечную сувязь "мастак - мадэль", "мастак - муза", змаглі адчуць каля 300 наведвальнікаў вернісажу.